Станіслаў Багданкевіч: Галоўнае – рэформы, а не грошы
Экс-старшыня Нацбанка Беларусі распавядае пра магчымы крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду.
Узровень дамоўленасці Беларусі аб новай праграме з МВФ вельмі высокі і імавернасць хуткага завяршэння перамоў высокая. Пра гэта tut.by заявіла крыніца, знаёмая з ходам перамоў.
Нагадаем, новую праграму з МВФ на 3 млрд даляраў беларускі ўрад пачаў прадметна абмяркоўваць летась пасля пацяплення адносінаў Менска з Захадам.
РР: Аляксандр Лукашэнка назваў умовы МВФ даволі жорсткімі – не падвышаць заробкі, падысіць тарыфы…
Станіслаў Багданкевіч: Нярэдка словы кіраўніка краіны разыходзяцца з рэаліямі, якія ёсць. Ён, да прыкладу, робіць нейкую жорсткую заяву, а ў той жа час ураду дазваляе падпісваць ліберальныя палажэнні. Таму да гэтага часу і захоўваецца магчымасць падпісання пагаднення з МВФ. А заявы на публіку – гэта зусім іншае.
РР: Здаецца ж, у праграме, якая складзена ўрадам яшчэ раней было прадугледжна тарыфаў ЖКГ. Ці не так?
Станіслаў Багданкевіч: Так яно і ёсць, але зараз робіцца выгляд, быццам бы кіраўніцтва клапоціцца пра народ, а таму, маўляў, МВФ ледзве не выкручвае рукі. Ды і няма ніякіх жорсткіх патрабаванняў з боку МВФ, пра што раней было заяўлена. А ўвогуле, я падтрымліваю тых беларускіх эканамістаў, якія лічаць, што галоўнае для краіны – рэформы, а не грошы. Беларускія ўлады ўжо больш за 20 гадоў жывуць на крэдытах, і які вынік? Давялі эканоміку да рэцэсіі, неэфектыўнасці і неканкурэнтаздольнасці. Таму з пазіцыі рэфарматараў лепш, каб МВФ наогул не даваў ніякі крэдыт. Альбо даваў бы толькі пад канкрэтныя эканамічныя рэформы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя