Станіслаў Багданкевіч: Галоўная прычына інфляцыі – адсутнасць канкурэнцыі



Інфляцыя ў Беларусі з пачатку года перавысіла гадавы прагноз. У ліпені індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў Беларусі вырас на 11% у параўнанні са снежнем 2013 года, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Пры гэтым, па прагнозах уладаў, інфляцыя не павінна была перавысіць гэты паказчык за ўвесь год. Былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч прагназуе інфляцыю на ўзроўні 25 працэнтаў і тлумачыць чыннікі.

– Галоўная прычына гэта, канешне, адсутнасць канкурэнцыі. Улады вельмі мала зрабілі на працягу 20 гадоў для развіцця малога і сярэдняя бізнеса. Малы і сярэдні бізнес мог бы стварыць сур’ёзны канкурэнтны асяродак, калі б ён у нас развіваўся патрэбны чынам. Грашова-крэдытная палітыка слабая. Валавы прадукт не расце. Аб’ём вытворчасці прамысловасці скараціўся каля 1%. Аб’ём сельскай вытворчасці скараціўся на 4%. А грашовая маса вырасла.

Цэны на харчовыя тавары ў ліпені ў параўнанні з чэрвенем выраслі з пачатку года – амаль на 15%. Найбольш істотна падаражэлі яйкі, цукар, алкагольныя напоі, гарбата, каўбасныя вырабы, крупы і бабовыя. Цэны на нехарчовыя тавары з пачатку года выраслі на 3,6% – паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Па прагнозах Сусветнага банка, інфляцыя па выніках года ў Беларусі перавысіць 16%.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя