Станіслаў Багданкевіч: Каго крэдытаваць? Cтратныя прадпрыемствы?
Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае, ці выратуюць банкі беларускую эканоміку.
Не так даўно старшыні Нацбанка Паўлу Калаўру было даручана, каб банкі падтрымалі крэдытамі эканоміку.
Станіслаў Багданкевіч: Магчымасці ў банкаў для такой падтрымкі, безумоўна, ёсць, але галоўнае пытанне: каму даваць крэдыты? Калі грошы пойдуць у неэфектыўна працуючы сектар – стратным прадпрыемствам і гаспадаркам, то гэта тое самае, што ў пясок фінансы закапаць.
Больш за тое – крэдытаванне стратных прадпрыемства нават шкодзіць эканоміцы, а не аздараўляе яе. І шкодзіць фінансавай сістэме.
Увогуле, тут ніякіх і даручэнняў даваць не трэба, банкі самі зацікаўлены, каб іх рэсурсы былі прадастаўлены рэальнаму сектару эканомікі, каб затым атрымліваць дывідэнды з крэдытаў, прыбытак з актываў капіталу. Але ў нашым выпадку зусім іншая сітуацыя.
РР: Маеце на ўвагу так званыя дырэктыўныя крэдыты?
Станіслаў Багданкевіч: Так, гэта значыць банкі павінны даваць крэдыты прадпрыемствам, незалежна ад таго, вернуць іх альбо не. Яны прызначаюцца для таго, каб падтрымаць на плыву неэфектыўную эканоміку.
РР: Ці ёсць у гэтым нейкія рызыкі для фінансавай сістэмы?
Станіслаў Багданкевіч: Безумоўна. У нас сёння многія прадпрыемстваы закрэдытаваны, у іх няма ўласных абаротных сродкаў. Усе патрэбы закрываюцца за кошт крэдытаў, але гэтая сітуацыя абсалютна ненармальная.
Тым не менш, такі стан працягваецца ўжо не першы год, бо ў краіне не рынкавае, а ручное кіраванне эканомікай. Неэфектыўная эканоміка захаваецца, хаця рэзкага абвалу не будзе. Праблемы будуць нарастаць, і, у рэшце рэшт, гэта адаб’ецца на ўзроўні жыцця людзей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя