Станіслаў Багданкевіч: Хістанне расейскага рубля пагражае беларускай эканоміцы
У Расеі ёсць усе перадумовы гіпер-інфляцыі, – не выключае былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. “А няпэўная сітуацыя з расейскім рублём нясе пагрозы беларускай эканоміцы і курсу нацыянальнай валюты”, – адзначае эксперт.
– У Расеі ўсе перадумовы ёсць, таму што ў Расеі 60 працэнтаў тавараў народнага спажывання і прадуктаў харчавання закупаюцца за мяжой, не ствараецца за расейскія рублі. І таму падзенне нацыянальнай валюты моцна ўдарыць па спажывецкаму рынку, па цэнам. Таму, я мяркую, трэба чакаць вялікай інфляцыі ў Расеі.
Па меркаванні Станіслава Багданкевіча, наяўнасць сваёй валюты дае Беларусі магчымасці манеўру, каб зменшыць негатыўны ўплыў падзення расейскага рубля. Аднак праблема ў тым, што Беларусь знаходзіцца ў вялікай фінанасава-эканамічнай залежнасці ад Расеі. І гэта б’е па спажывецкім і валютным рынках. Таму трэба рабіць высновы і прымаць неабходныя меры, каб не дапусціць абвальнага падзення кошту беларускага рубля і росту коштаў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
