Станіслаў Багданкевіч: Крэдыты бяруць ад беднасці



Былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч патлумачыў, чаму людзі сталі больш браць крэдытаў.

Беларусы паставілі новы рэкорд – яны ўжо набралі ў банках крэдытаў амаль на 13,5 млрд. рублёў. Больш за ўсё бяруць у доўг на пакупку і будаўніцтва жылля.

Станіслаў Багданкевіч: Па вялікім рахунку, сума, якую насельніцтва ўзяло ў крэдыт, не такая ўжо і вялікая, але досыць прыстойная. У такой сітуацыі Нацбанк павінен думаць аб абмежаванні грашовай масы, таму што гэта можа ў будучым адбіцца на інфляцыі.

Людзі бяруць крэдыты ад беднасці. Заробкі не растуць, а пакупкі рабіць хочацца, бо народ хоча падтрымліваць той узровень жыцця, што ўжо ёсць. Натуральна, гэта дрэнна і сведчыць пра праблемы ў эканоміцы.

РР: Што мажаце сказаць пра адсоткавыя стаўкі ў банках, пад якія даюць крэдыты?

Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, што яны даволі высокія. Афіцыйны паказчык інфляцыі ў нас – каля 6 адсоткаў, а крэдыты даюць пад 15 адсоткаў. Такія крэдыты непад’ёмныя для эканомікі.

У нас жа практычна не растуць ні заробкі, ні пенсіі, ні вытворчасць працы. Нават калі заробак крыху расце, то з улікам таго, што трэба аддаваць адсоткі па крэдытах, то рэальныя даходы насельніцтва змяншаюцца, а не павялічваюцца. Нават пры росце заробкаў.

РР: Ці знізяцца стаўкі па крэдытах?

Станіслаў Багданкевіч: Думаю, што так. На сёння стаўка рэфінансавання – 9,5 адсоткі, інфляцыя – каля 6 адсоткаў, а таму ёсць магчымасць зніжаць і далей стаўкі па крэдытах.

Але, напэўна, Нацбанк не зусім упэўнены ў стабільнасці рынка, а таму спрабуе трымаць раўнавагу паміж інфляцыяй і стаўкай рэфінансавання. Магчыма, гэта правільная палітыка, бо ў нас вялікая праблема – гэта валавы дзяржаўны доўг. Сітуацыя стабільная, пакуль улады бяруць крэдыты, каб рэфінансаваць старыя даўгі, але ж гэта не вечна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя