Станіслаў Багданкевіч: дэвальвацыя працягваецца
З 16 ліпеня стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжаецца да 20,5 працэнта гадавых. Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч каментуе такі крок уладаў і дадае, што “прадпасылак зніжэння стаўкі сёння няма”.
Рашэнне пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання з 21,5% да 20,5 працэнта прынята праўленнем банка, паведаміла журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова.
З пачатку года гэта ўжо трэцяе зніжэнне, папярэднія былі ў красавіку і траўні. Тады стаўка таксама зніжалася на 1%.
РР: Ці ёсць перадумовы для таго, каб сёння ў краіне зніжалася стаўка рэфінсавання?
Станіслаў Багданкевіч: Я лічу, што няма ніякіх перадумоваў для зніжэння стаўкі, таму што па-ранейшаму ўтрымліваецца высокі ровень інфляцыі і па-ранейшаму працягваецца паўзучая дэвальвацыя. У такіх умовах, калі па самых сціплых падліках рэальная гадавая інфляцыя можа дасягнуць 20 працэнтаў з гакам, ні ў якім выпадку нельга зніжаць стаўку рэфінсавання. Надварот, каб перамагчы інфляцыю, стаўку трэба было б павышаць.
РР: Кіраўніцтва гэтага не разумее?
Станіслаў Багданкевіч: Разумее, але такім чынам хоча скараціць рублёвую грашовую масу. Бо ёсць несуадноснасць паміж ростам грашовай рублёвай масы і ствараемым у краіне прадуктам. Апошні не расце, а колькасць грошай увесь час павялічваецца. Як следства – працяг інфляцыі і дэвальвацыі. Каб іх зраўняць, неабходна зрабіць дарагімі крэдыты, людзі будуць несці вольныя грошы ў банкі. Такімі эканамічнымі метадамі можна змагацца супраць дэвальвацыі і інфляцыі, хоць трэба разумець, што гэта таксама не галоўнае. Галоўнае – гэта стаўка на развіццё канкурэнцыі, малога і сярэдняга бізнеса. А вось тады, як знізіцца інфляцыя, можна зніжаць і стаўку рэфінансавання. А ў нас – усё з ног на галаву.
РР: Ці знізяцца зараз працэнтныя стаўкі па дэпазітах насельніцтва ў банках?
Станіслаў Багданкевіч: Яны ўжо зніжаюцца, хоць прамой залежнасці ад стаўкі рэфінансавання тут няма. Стаўка рэфінсавання ў Беларусі больш “кабінетная”, віртуальная. Але ўсё роўна – гэта паказчык. Калі Нацбанк будзе зніжаць стаўку рэфінансавання і адначасова адміністратыўным шляхам стане пабуджаць камерцыйныя банкі да зніжэння працэнтных ставак па дэпазітах, то такая залежнасыць будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя