Абясцэньвання беларускага рубля не пазбегнуць
Экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч называе “правільным крокам” пераход на іншы механізм курсаўтварэння, а таксама прагназуе курс наяўнай валюты ў бліжэйшы час і на больш далёкую перспектыву.
Нагадаем, у рамках новага механізму банкам прыйдзецца „лавіць” лепшы курс абмену валют для прадпрыемстваў. Мяркуецца, што афіцыйна новы рэжым курсаўтварэння запрацуе 1 чэрвеня, піша БелаПАН.
Прычым плануецца, што таргі ў рамках бесперапыннага падвойнага аўкцыёна будуць доўжыцца толькі адну гадзіну, а не ўвесь дзень, як меркавалі многія. Па выніках таргоў, якія будуць праходзіць у працоўныя дні з 11 да 12 гадзін, будуць вызначацца афіцыйныя курсы замежных валют.
Станіслаў Багданкевіч: Нацбанк робіць правільныя крокі да больш глыбіннай прывязцы валютнага курса да рынку. Асабліва нічога не зменіцца акрамя паглыблення рыначных падыходаў пры вызначэнні курса валют. Хоць нічога дрэннага ў гэтым не бачу. Курс у большай ступені будзе вызначацца попытам і прапановай. Новая палітыка курсаўтварэння – спроба ўлічыць усе моманты падчас працэсу куплі і продажы валюты.
РР: У апошні час назіраецца ўмацаванне беларускага рубля ў адносінах да амерыканскай валюты, з пачатку траўня даляр знізіўся на 230 рублёў…
Станіслаў Багданкевіч: На мой погляд, рубель умацоўваецца ў асноўным таму, што пагаршаецца ўзровень жыцця людзей. Народ пачынае выкарыстоўваць свае валютныя зберажэнні, якія назбіраў у час, калі заробкі былі вялікімі. Зараз ідзе падзенне заробкаў, людзі выкарыстоўваюць запасы.
РР: Але многія эканамісты ўмацаванне беларускага рубля наўпрост звязваюць з умацаваннем расейскай валюты. Ці не так?
Станіслаў Багданкевіч: Фактараў шмат, і гэта – толькі адзін з іх. У нас прывязка да расейскага рубля недзе на 40 адсоткаў, але ж у астатнім звязаны з далярам і еўра. Актывы банкаўскай сістэмы ў асноўным ў далярах, зберажэнні насельніцтва – таксама. Расейскі рубель, безумоўна, уплывае на курс беларускага рубля, але не сказаў бы, што ў такой вялікай ступені. Іншая рэч, што расейская эканоміка ўплывае на беларускую. Калі расейская валюта ўмацоўваецца, то беларускія экспарцёры атрымліваюць больш прыбытку ў эквіваленце да даляра.
РР: Ці варта чакаць далейшага ўмацавання беларускага рубля?
Станіслаў Багданкевіч: У бліжэйшыя тры месяцы, мяркую, курс будзе вагацца, ніякіх рэзкіх скачкоў не будзе. А вось у больш далёкай перспектыве прагназую абясцэньванне беларускага рубля. Рост коштаў на спажывецкім рынку, у рэшце рэшт, прывядзе до росту кошту і на валютным рынку. Валюта – той жа тавар, толькі спецыфічны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belexport.biz