Станіслаў Багданкевіч: Усё ляжыць і нічога не робіцца



Беларускі рубель імкліва падае, даляр і еўра ўстанавілі на біржы новыя антырэкорды.

Станіслаў Багданкевіч

„Дыягназ” эканамічнай сітуацыі і метады лячэння ў размове з журналістам нашага радыё ставіць былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч:

Станіслаў Багданкевіч: Валютны курс вагаецца ўвесь час і ў асноўным у негатыўны бок . Гэта з’яўляецца адлюстраваннем сітуацыі ў эканоміцы і адлюстраваннем таго, што як бізнес так і насельніцтва з недаверам ставяцца да эканамічнай палітыкі, да манітарнай палітыкі ў цэлым. За мінулы год рублёвая грашовая маса нават крыху скарацілася, а не павялічылася. Паводле афіцыйных звестак інфляцыя 12%, але ўлічваючы, што для ацэнкі бярэцца склад тавараў, які трэба пашырыць. На самой справе інфляцыю трэба памножыць на два, бо растуць цэны не толькі на тавары першай неабходнасці, якія ўключаюцца пры разліку інфляцыі. Звычайна людзі пакупаюць не самы дрэнны хлеб, не самае няякаснае малако, таму інфляцыя нашмат вышэй. Ацэнка сітуацыі даецца праз валютны курс. Другі бок пытання: чаму сёння падае валютны курс і растуць цэны? Упаў валавы прадукт, вырабілі менш, у гэтым праблема, то бок урад у цэлым вінаваты і гэта не адказнасць Цэнтральнага банка. Дзяржава, урад замест Цэнтральнага банка стварае пустую грашовую масу, пакрываючы страты, скажам, машынабудавання і г. д., вялізныя страты на сотні мільярдаў рублёў. Цяпер вось указам прэзідэнта выдзяляецца дапамога больш за 4 трыльёны рублёў на пакрыццё гэтых страт. Гэтая грашовая маса ідзе на рынак, яна гробіць эканоміку. Замест таго, каб шукаць шляхі аздараўлення, мадэрнізацыі, бо гэтыя прадпрыемствы не эфектыўныя, іх нельга ўтрымліваць за кошт падаткаў усяго насельніцтва, замест гэтага выдзяляюцца новыя сумы, а не прымаюцца нейкія кардынальныя меры, якія мы называем рэформамі.

РР: А калі ўявіць, што вы б зноў занялі пасаду старшыні Нацыянальнага банка? Што б вы рабілі?

Станіслаў Багданкевіч: Я б абавязкова ўмешваўся ў валютны курс: дзесьці скупаў бы валюту, дзесьці прадаваў бы валюту, бо адзін дзень на 500 рублёў падае кошт даляра, другі дзень на 600 ці на 400 расце гэты кошт, – гэта ненармальна. Цэнтральны банк павінен рэгуляваць гэтыя спекулятыўныя падзенні, але ж у яго няма ніякіх рэзерваў. Трэба плаціць 3 мільярды ў год, а рэзервы ў валюце толькі 2 мільярды.  

РР: Ці ёсць пагроза гіперінфляцыі ў такой сітуацыі?

Станіслаў Багданкевіч: Безумоўна, бо ўжо быццам не Нацыянальны банк стварае гэтую грашовую масу, за кошт інфляцыйных падаткаў, з’яўляецца прафіцыт бюджэта, атрыманыя грошы зноў пускаюцца на пакрыццё страт. Не на стварэнне прадукта, тавара, а на тое, каб пакрыць, скажам, статы “Гомсельмаша”, “МАЗа” вялізныя страты, у трактарнага завода, металургічны завод у нас ужо стратны. У нас кожны дзень усё дадаецца: адных банкротаў цяпер у судах знаходзіцца каля 2800 адзінак. Усё ляжыць і нічога не робіцца, ствараецца выгляд нейкага руху: праграму стварылі агульную ў кіраўніцтве Нацыянальнага банка. Я вось чытаў гэтую праграму, там няма галоўнага, як ажывіць эканоміку. Трэба знізіць падаткі, каб заставаліся грошы на мадэрнізацыю, на тэхналогію, на яе ўкараненне, на стымуляванне вытворцаў, работнікаў і г. д. Для гэтага трэба скараціць гэты апарат: у нас 24 міністэрствы. Навошта нам столькі чыноўнікаў? Такі апарат кіраўнікоў, міліцыянтаў, сілавых структураў і г. д. Ашчадзіць можна было б і такім шляхам скараціць падаткі. Пакінуць больш грошай у прадпрыемстваў, у насельніцтва, што ажывіла б рынак. Трэба стымуляваць вытворчасць, трэба закрываць неэфектыўныя вытворчасці, развіваць канкурэнцыю – гэта даўно вядома. Я памятаю некалі Лукашэнка неаднаразова казаў: “Я разумею ідэю канкурэнцыі, яна вядзе да зніжэння выдаткаў, вядзе да зніжэння цэн”. Ён казаў гэта, чаму ён цяпер адмаўляе гэта? Кажа: “Не буду праводзіць рэформы”, якія прыводзілі б да зніжэння выдаткаў. Я не разумею, чаму ён так кажа.

РР: Кіраўнік дзяржавы адчувае, што народ баіцца шокавых рэформ і кажа тое, што хоча пачуць народ?

Станіслаў Багданкевіч: Ну дык народ высунуў яго кіраваць, народ жа не атрымлівае тую інфармацыю, якую атрымлівае прэзідэнт пра эфектыўнасць. Ён яму даў паўнамоцтвы, а ён спасылаецца на народ. Народ табе даў паўнамоцтвы, вырашай: вырашай у імя народа.

РР: Зараз Лукашэнка абвінавачвае ў эканамічным крызісе знешнія чыннікі: крызіс у Расеі, вайну ва Украіне.

Станіслаў Багданкевіч: Дык а хто нас прывязаў да Расеі? Ну чаму няма такой інфляцыі ў Польшчы? Чаму няма ў Швецыі? Чаму няма ў Японіі? Чаму няма ў Кітаі? Чаму ў нас такая інфляцыя? У нас інфляцыя вышэй, чым у ваюючай Украіне. У ваюючай Украіне рэзервы да ўступлення Яцанюка на пост прэм’ера складалі 6 мільярдаў, а сёння ў іх 13 мільярдаў рэзерваў – больш чым падвоіліся рэзервы. У нас было 6, стала 4, а чыстых рэзерваў валюты, якую можна выкарыстоўваць, толькі 2 мільярды з гэтых рэзерваў. Што, Расея вінавата? Прычым тут Расея? Гэта мы так паставілі эканоміку – звузілі экспарт да Расеі. Мы, а не хтосцьці – наш урад.

„І без вырашэння ўсіх гэтых пытанняў Беларусь ніколі не будзе мець надзейнай і эфектыўнай эканомікі і фінансаў”, – падсумаваў Станіслаў Багданкевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск