Станіслаў Багданкевіч: Забіраць грошы з банкаў ужо позна



Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч пракаментаваў сітуацыю, якая сёння склалася на фінансавым рынку краіны.

Станіслаў Багданкевіч: Беларускі рубель крыху стабілізаваўся, але, як бачым, многія людзі, якія захоўвалі грошы ў нацыянальнай валюце згубілі пасля выбараў, калі рубель абваліўся.

Безумоўна, добра мець такое кіраўніцтва ў краіне, якое б ахоўвала вашы ўклады, крэдыты выдавала б толькі рэнтабельным прадпрыемствам, а не тым, хто нават не можа прадаць сваю прадукцыю. Але гэта будзе тады, калі ўлада пачне трымаць справаздачу перад людзьмі, а не катаваць іх за альтэрнатыўныя пагляды.

І галоўнае – не трэба хлусіць. Таму, калі гучыць заява, што фінансавая сістэма ў Беларусі застанецца стабільнай, то людзі адразу ўспамінаюць, як іх падманвалі ў 2011 годзе, калі беларускі рубель дэвальваваўся ў тры разы. Таму пасля выбараў і абвалілася нацыянальная валюта. Іх словам ужо ніхто не верыць.

РР: Многія да гэтага часу задаюцца пытаннем: што ўсё-такі рабіць з беларускімі ўкладамі, якія ёсць у банках?

Станіслаў Багданкевіч: Зараз іх ужо адназначна позна забіраць і пераводзіць у даляры ці еўра. Тым больш, што ў апошнія дні рубель пачаў крыху ўмацоўвацца.

Увогуле, лепш захоўваць грошы ў трох валютах – далярах, еўра і ў рублях. Пры гэтым большую частку варта трымаць у замежных валютах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя