Станіслаў Багданкевіч: Захоўвайце грошы ў валюце
2 лютага на пачатку біржавых таргоў у Менску даляр і еўра пачалі з істотнага росту. Курс даляра вырас на 554 рублі да 21.560 беларускіх, еўра – на 651 беларускіх да 23.458.
Тым часам, напрыканцы мінулага тыдня курсы даляра і еўра зніжаліся. Здаваць валюту ці набываць у такой сітуацыі?
Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, калі ў чалавека былі вялікія рублёвыя зберажэнні, то зараз набываць валюту крыху ўжо позна. Хоць мы бачым, што і нацыянальная валюта не ўмацоўваецца. Некаторыя могуць выдаць зараз рублі на набыццё нейкіх неабходных рэчаў, бо ў пераліку на даляры тавары абыдуцца значна ніжэй, а кошты пакуль на многае застаюцца старымі.
РР: Валютныя зберажэнні па-ранейшаму застаюцца прывабнымі для людзей?
Станіслаў Багданкевіч: Каб не захоўваць грошы ў панчохах, народ адкрывае валютныя дэпазіты, хоць там і знізіліся адсоткі. Пры нашай няўстойлівай валюце ва ўмовах інфляцыі і дэвальвацыі гэта і так выгодна. Таму параіў бы захоўваць грошы ў валюце. Лепш – у далярах, але частку можна і ў еўра. Народ жа ездзіць у еўрапейскія краіны, на адпачынак у краіны, якія ўваходзяць у еўразону. Навошта затым губляць на канвертацыі? А тая суадноснасць паміж далярам і еўра, якая ёсць зараз, думаю, у бліжэйшы час захаваецца. Мяркую, еўра застанецца цвёрдай рэзервнай валютай.
РР: Адным словам, на беларускі рубель вялікіх спадзяванняў няма…
Станіслаў Багданкевіч: Магчыма, людзі і захоўвалі б грошы на рублёвых дэпазітах, калі б была высокая адсоткавая стаўка. А так, безумоўна, даверу да нацыянальнай валюты няма. Зрэшты, і грошай у народу няма, бо людзі бяднеюць з кожным днём.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя