Стаўка рэфінансавання зніжана да 10% гадавых



27 чэрвеня стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжана з 10,5 да 10% гадавых, што з’яўляецца мінімумам гэтага паказчыка для краіны за апошнія дзесяць гадоў. Такое рашэнне прыняло 20 чэрвеня праўленне Нацыянальнага банка на штоквартальным пасяджэнні па грашова-крэдытнай палітыцы.

Апошні раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі мянялася 14 лютага гэтага года — была зніжана з 11 да 10,5% гадавых.

Тлумачачы рашэнне аб чарговым зніжэнні стаўкі, прэс-служба Нацбанка адзначыла, што гадавая інфляцыя запавольваецца. Прагноз развіцця сітуацыі ў эканоміцы, у знешнім гандлі, на валютным і дэпазітным рынках паказвае, што фарміраваныя грашова-крэдытныя ўмовы забяспечаць знаходжанне інфляцыі ў рамках мэтавых параметраў.

У маі 2018 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым вымярэнні склаў 4,4% пры 5% у красавіку. Гадавая базавая інфляцыя запаволілася да 2,9% (3,1% у красавіку 2018 года), у тым ліку з прычыны ўмацавання беларускага рубля ў дачыненні да кошыка замежных валют.

Раней у Нацбанку прагназавалі, што стаўка рэфінансавання да канца гэтага года можа знізіцца да 9,5—10,5% гадавых.

Наступнае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка па грашова-крэдытнай палітыцы плануецца 19 верасня 2018 года.

БелаПАН