Стаўка рэфінансавання зніжана да 13% гадавых



У адпаведнасці з рашэннем праўлення Нацыянальнага банка Беларусі стаўка рэфінансавання 14 чэрвеня зніжаная з 14 да 13% гадавых. З сённяшняга дня таксама зніжаныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў — з 17 да 15% гадавых, стаўкі па пастаянна даступных аперацыях выключэння ліквіднасці — з 9 да 8% гадавых.

Як паведамляе прэс-служба Нацбанка, гэтыя рашэнні ў галіне працэнтнай палітыкі прымаліся „з улікам станоўчых тэндэнцый, што назіраюцца ў эканоміцы, павышэння яе знешняй устойлівасці, умацавання стабільнасці ў грашова-крэдытнай сферы”.

Паводле ацэнак рэгулятара, захоўваецца тэндэнцыя запаволення інфляцыі больш значнымі тэмпамі, чым чакалася. У красавіку ў гадавым вымярэнні прырост спажывецкіх цэн склаў 6,3%, базавая інфляцыя — 6% супраць 10,6 і 10% у снежні 2016 года адпаведна. Чакаецца, што ў найбліжэйшыя месяцы прырост спажывецкіх цэн захаваецца на ўзроўні крыху вышэйшым за 6% у гадавым выражэнні.

Захоўваецца спрыяльная сітуацыя на валютным рынку. Чыстая прапанова замежнай валюты забяспечвае ўстойлівасць абменнага курсу беларускага рубля і дазваляе Нацбанку купляць валюту для папаўнення золатавалютных рэзерваў ва ўмовах пагашэння дзяржаўных валютных абавязацельстваў. Павышаецца знешняя ўстойлівасць эканомікі.

Разам з тым назіральнікі лічаць, што рашэнне Нацбанка аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання будзе мець абмежаваны ўплыў на крэдытны рынак краіны.

У першым квартале ў мэтах зніжэння кошту крэдытных рэсурсаў Нацбанк чатыры разы зніжаў стаўку рэфінансавання, кожны раз на адзін працэнт: 18 студзеня — да 17%, 15 лютага — да 16%, 15 сакавіка — да 15% і 19 красавіка — да 14% гадавых.

Сёлета, паводле афіцыйнага прагнозу рэгулятара, інфляцыя знізіцца да 9%, а стаўка рэфінансавання — да 14%.

У 2016 годзе Нацбанк зніжаў стаўку рэфінансавання чатыры разы, з 25% у пачатку года да 18% у жніўні.

Паводле БелаПАН

Фота myfin.by