Стаўка рэфінансавання зніжаная да 9% гадавых



У адпаведнасці з рашэннем праўлення Нацыянальнага банка стаўка рэфінансавання ў Беларусі 20 лістапада паніжаная з 9,5 да 9% гадавых.

Як растлумачылі ў прэс-службе Нацбанка, у III квартале 2019 года інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў працягнула запавольвацца. Дынаміка фактычнай гадавой інфляцыі, якая ў верасні 2019 года склала 5,3%, фарміруецца ў адпаведнасці з прагнознымі ацэнкамі Нацыянальнага банка. Чакаецца, што ў канцы 2019 года і на працягу 2020-га інфляцыя будзе знаходзіцца паблізу 5%.

Прынятыя рашэнні забяспечваюць захаванне нейтральнага характару грашова-крэдытнай палітыкі, адзначае рэгулятар.

20 лістапада таксама зніжаныя стаўка па крэдыце авернайт з 10,75 да 10% гадавых і стаўка па дэпазіце авернайт — з 8,25 да 8% гадавых.

„Абранае зніжэнне ставак па крэдыце і дэпазіце авернайт забяспечыць звужэнне калідора працэнтных ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў да 2 працэнтных пунктаў. У наступным дадзеныя стаўкі будуць змяняцца адначасова са стаўкай рэфінансавання на адпаведную велічыню”, — паведамляе рэгулятар.

Папярэдні раз Нацбанк знізіў стаўку рэфінансавання 14 жніўня з 10 да 9,5% гадавых. Да гэтага на працягу апошняга года рэгулятар адкладваў зніжэнне стаўкі рэфінансавання, абгрунтоўваючы такое рашэнне некаторым паскарэннем інфляцыйных працэсаў у краіне.

Згодна з афіцыйным прагнозам рэгулятара, у 2019 годзе інфляцыя не павінна перавысіць 5%. У кастрычніку рост цэн склаў 0,5%, з пачатку года — 3,9%.Чарговае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка па грашова-крэдытнай палітыцы запланаванае 12 лютага 2020 года.

БелаПАН