Стаўка рэфінансавання зніжаная да 9,5% гадавых
14 жніўня стаўка рэфінансавання зніжаная з 10 да 9,5% гадавых. Рашэнне пра гэта, нагадаем, было прынятае 7 жніўня на пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка.
Пры гэтым стаўка па крэдыце авернайт знізілася з 11,5 да 10,75% гадавых, стаўка па дэпазіце авернайт — з 8,5 да 8,25%.
„У другім квартале 2019 года інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў запаволілася. Ацэнка прыросту спажывецкіх цэн з выключэннем сезоннасці за другі квартал 2019 года паказвае яго зніжэнне ніжэй за мэтавы ўзровень 5%”, — абгрунтаваў прынятае рашэнне Нацбанк. На працягу папярэдніх трох кварталаў, нагадвае рэгулятар, прырост спажывецкіх цэн знаходзіўся вышэй за 5%.
„Прынятыя рашэнні ў галіне працэнтнай палітыкі забяспечваюць захаванне яе нейтральнага характару ва ўмовах прагназаванага запавольвання інфляцыйных працэсаў і дасягненне пастаўленай мэты па інфляцыі на 2019 год”, — адзначыў рэгулятар.
На думку Нацбанка, зніжэнне ставак па крэдыце авернайт і дэпазіце авернайт забяспечыць звужэнне калідора працэнтных ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў „і будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці трансмісійнага механізма грашова-крэдытнай палітыкі”.
„Далейшыя рашэнні ў галіне ключавых працэнтных ставак Нацыянальнага банка будуць залежаць ад суадносін паміж інфляцыйнымі і дэфляцыйны фактарамі. Наступнае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па грашова-крэдытнай палітыцы запланаванае на 6 лістапада 2019 года”, — паведаміў Нацбанк.
Папярэдні раз Нацыянальны банк знізіў стаўку рэфінансавання ў чэрвені 2018 года — з 10,5 да 10%. На працягу апошняга года рэгулятар адкладваў зніжэнне стаўкі рэфінансавання і абгрунтоўваў гэта некаторым паскарэннем інфляцыйных працэсаў у краіне. Разам з тым падчас пашыранага пасяджэння праўлення ў канцы ліпеня было заяўлена, што рост спажывецкіх цэн запавольваецца і інфляцыя паводле вынікаў года будзе „блізу 5%”, гэта значыць складзецца каля мэтавага ўзроўню.