Стаўкі па крэдыце на Geely рэзка падскочылі



2 мая ў Беларусі знізілася стаўка рэфінансавання — з 10,5 да 10%. Так як да яе прывязаныя крэдытныя прапановы, чакалася, што новыя Geely будзе больш выгадна набываць, але ўсе банкі нечакана паднялі стаўкі, піша av.by. У красавіку Atlas Pro, Coolray, Tugella і Emgrand можна было ўзяць пад 2,88%. Цяпер мінімальная стаўка падскочыла да 7,95 %  на першыя тры гады. Тэрмін крэдытавання — 10 гадоў.

У Беларусі мадэльны шэраг Geely прадстаўлены седанам Emgrand (ад 49 200 руб.), красоверамі Coolray (ад 62 815 руб.), Atlas Pro (ад 73 950 руб.), Okavango (97 200 руб.), крос-купэ Tugella (ад 111 600 руб.) і электрахэтчбэкам Geometry C (99 900 руб.). Таксама ўжо можна стаць уладальнікам флагманскага Monjaro, які ў нас каштуе 141 900—143 900 руб. (у пераразліку прыкладна 49 000 даляраў).

“Літоўскія чыгункі” адхілілі 500 беларускіх заявак на транзіт грузаў

Кампанія-грузаперавозчык LTG Cargo, якая належыць групе “Літоўскія чыгункі” на мінулым тыдні адкінула больш за 20 беларускіх заявак, а з пачатку вясны колькасць адмоў склала каля 500, піша літоўскі партал Delfi.lt. Паводле “Літоўскіх чыгунак”, усяго з 1 сакавіка LTG Cargo адхіліла 1131 заяўку: амаль палова з іх былі звязаныя з беларускім экспартам ці імпартам.

Раней прэзідэнт і прэм’ер Літвы падтрымалі ідэю поўнай забароны чыгуначнага транзіту беларускіх грузаў. Акрамя таго, “Літоўскія чыгункі” скасавалі кантракт з клайпедскім тэрміналам, дзе “Беларуськалій” валодае 30% акцый.

13 студзеня літоўскія службы пачалі расследаванне факту кантрабанды ўгнаенняў “Гродна Азота”, які трапіў пад санкцыі Еўразвязу.

У Глыбокім ліквідуюць фонд, які дапамагаў уладам асвойваць грошы Еўразвяза

Пачалася ліквідацыя фонду “Цэнтр садзейнічання сацыяльна-эканамічнаму развіццю латвійска-літоўска-беларускіх тэрыторый “Азёрны край” з Глыбоцкага раёна. Справа будзе слухацца ў Віцебскім абласным судзе 3 мая, а пазоўнікам выступае Глыбоцкі райвыканкам, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Фонд «Азёрны край» быў створаны для таго, каб улады маглі праз яго асвойваць грошы Еўразвяза. На момант рэалізацыі праектаў фондам кіраваў Міхаіл Арэхаў, які ў пачатку 2010-х гадоў займаў пасаду начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама.

Толькі адзін з праектаў, якія фінансаваліся ЕЗ у Глыбоцкім раёне і ў якім браў удзел фонд “Азёрны край”, меў бюджэт 460 000 еўра, пры гэтым унёсак ЕЗ складаў 414 869 еўра.

Беларусь – супраць іспанскага моднага брэнду жаночай вопраткі

У рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарта Беларусі ўключылі дзевяць рэчаў іспанскага моднага брэнду жаночай вопраткі Stradivarius. Гаворка ідзе пра дзве мадэлі блэйзераў, шэсць мадэляў нагавіц і жаночай кашулі. Нібыта ўся гэта прадукцыя не адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза па паказчыку бяспекі “паветрапранікальнасць”.

Ведамства забараніла ўвоз і продаж гэтых рэчаў у беларускіх крамах, а таксама выдала прадпісанне пра ліквідацыю парушэнняў і спыніла дзеянне дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці. Забарона на ўвоз пачне дзейнічаць з 6 мая.

Stradivarius — іспанскі модны брэнд жаночай вопраткі, які належыць групе кампаній Inditex.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: auto.onliner.by