Стаўкі па ўкладах насельніцтва дасягнулі дна



Працэнтныя стаўкі па дэпазітах насельніцтва ў беларускіх банках знаходзяцца на ўзроўні, ніжэй якога ў бліжэйшы час наўрад ці будуць падаць. Такое меркаванне выказалі БелаПАН аналітыкі фінансавага рынку.

Па дадзеных банкаў, у пачатку лістапада максімальныя стаўкі па адзыўных валютных укладах складалі каля 2%, па безадзыўных – каля 3%. Па дэпазітах у нацвалюце максімальная стаўка па адзыўных дэпазітах была ў раёне 9%, па безадзыўных – 11,5%.

„У чацвёртым квартале можна чакаць паскарэння інфляцыі. Намінальная зарплата вырасла, спажывецкае крэдытаванне істотна павялічылася, цэны, якія рэгулююцца дзяржавай (на праезд у грамадскім транспарце, на паліва), падвышаюцца. Таму паскарэнне інфляцыі вельмі верагодна і патэнцыялу для зніжэння працэнтных ставак па рублёвых дэпазітах не відаць”, – адзначыў старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук.

Аналагічнага меркавання прытрымліваюцца і іншыя эксперты.

„Рухаць ўніз працэнтныя стаўкі па рублёвых укладах асабліва няма куды. Інфляцыя ў гадавым вымярэнні будзе захоўвацца ў раёне 6-7%, ніжэй за гэты ўзровень запаволіць яе складана па структурных прычынах. Адпаведна, вялікага патэнцыялу для зніжэння працэнтных ставак па ўкладах не відаць”, – мяркуе старэйшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што альтэрнатывы дэпазітам для масавага ўкладчыка ў Беларусі няма – у карпаратыўныя аблігацыі або дзяржаблігацыі ўкладвае грошы, як правіла, толькі фінансава пісьменная праслойка насельніцтва, якая гатовая браць на сябе падвышаную рызыку.

„У многіх развітых краінах зніжэнне даходнасці па ўкладах вядзе да таго, што фундатары пачынаюць шукаць альтэрнатыўныя інструменты інвеставання грашовых сродкаў. Улічваючы, што масавыя ўкладчыкі альтэрнатывы банкаўскіх укладах не бачаць, многія фізасобы пагодзяцца трымаць зберажэнні ў банках, пакуль будзе хоць нейкая даходнасць” , – мяркуе Іосуб.

Каментуючы нізкія працэнтныя стаўкі па валютных укладах, аналітыкі фінансавага рынку адзначаюць, што насельніцтва па гэтай прычыне не зацікаўлена размяшчаць зберажэнні ў замежнай валюце, і ў тым ліку з гэтай прычыны назіраецца паступовы адток валютных укладаў з банкаўскай сістэмы.

„Мяркуючы па статыстычных дадзеных, значная частка валюты, якая забіраецца з банкаўскай сістэмы, затым прадаецца, што дазваляе папоўніць золатавалютныя рэзервы. Таму Нацбанк задавальняе гэтая сітуацыя, і ў тым ліку з гэтай прычыны стымуляваць рост даходнасці па валютных дэпазітах рэгулятар наўрад ці стане”, – выказаў здагадку Дзмітрый Крук.

БелаПАН