Страчаныя магчымасці



На сённяшні дзень у Беларусі дзейнічае 550 прадпрыемстваў з удзелам польскага капіталу. У той жа час у Польшчы беларускі капітал – гэта толькі 60 прадпрыемстваў, з якіх рэальна дзейнічае каля 16-ці. Такія лічбы прыводзіць старшыня Польска-беларускай Гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі. Ён падкрэслівае, што такая сітуацыя працуе не на карысць беларускаму бізнесу:

Беларускія прадпрымальнікі губляюць магчымасць, напрыклад, закладаць фірмы ў Польшчы і карыстацца інструментамі падтрымкі на тэрыторыі Еўразвяза. Будучы рэзідэнтамі ЕЗ, яны змогуць наладзіць і весці супрацу з іншымі краінамі Еўразвяза, а таксама з беларускімі прадпрымальнікамі. Тады яны становяцца міжнароднымі прадпрыемствамі. Гэта вельмі важная рэч для беларусаў. І мы як Польска-беларуская Гандлёва-прамысловая палата прыкладаем шмат намаганняў, каб гэта ўсвядоміць.

На думку Казімежа Здуноўскага, змяніць сітуацыю дапаможа найперш пазітыўны досвед, у тым ліку польскага бізнесу. Таксама старшыня Польска-беларускай Гандлёва-прамысловай палаты падкрэслівае, што ў Беларусі цэнтральныя ўрады дэкларуюць сваё жаданне інвеставаць за мяжой, аднак гэтыя дэкларацыі пакуль яшчэ разыходзяцца з практыкай.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gejzer.ru