Страйкам „Беларуськалія” заяўляе аб узмацненні ціску на шахцёраў, якія бастуюць



Страйкавы камітэт ААТ „Беларуськалій” (Салігорск) заяўляе аб узмацненні ціску на шахцёраў, якія бастуюць.

Так, сустаршыні страйкама Анатолю Бокуну прыйшло па пошце апавяшчэнне аб спыненні працоўных адносін з прычыны доўгага прагулу, паведаміў БелаПАН член страйкама Раман Лявончык. „Яго звальняюць згодна з артыкулам”, — дадаў ён.

Зараз Бокун адбывае 15-сутачны адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Ён быў затрыманы і асуджаны 31 жніўня. Да гэтага сустаршыню страйкама аштрафавалі на 25 базавых велічынь (675 рублёў), таксама за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Яшчэ аднаго члена страйкама — Уладзіміра Цімошчанку — выклікалі ў аддзел кадраў „Беларуськалія” разам з яго начальнікам і ўручылі апавяшчэнне аб звальненні.

Некаторым членам страйкама паведамілі аб запланаваным звальненні праз незалежны прафсаюз гарнякоў, адзначыў Лявончык.

Акрамя таго, паводле яго слоў, членаў страйкама сталі выклікаць на допыты ў аддзяленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Салігорскага РАУС, не тлумачачы, паводле якой справы. У некаторых шахцёраў, якія бастуюць, дома прайшлі вобшукі.

„Вылоўліваюць дома, ля пад’ездаў, спыняюць аўтамабілі на вуліцах з дапамогай ДАІ і ўручаюць позвы. Там пазначана, што выклікаюць у міліцыю ў якасці сведкі, больш нічога. Незразумела, што за справа распачатая, на падставе якога артыкула. А ўчора ў майго брата ў кватэры правялі вобшук — нібыта ён сведка па нейкіх крымінальных справах. Хоць у сведак не могуць праводзіць вобшук, а толькі агляд. Дзён дзесяць назад быў яшчэ адзін вобшук у члена страйкама. Цяпер яшчэ ператрус будзе ў мяне”, — расказаў Лявончык.

У страйкаме націск сілавікоў расцэньваюць як „рэпрэсіі з боку рэжыму”.

Забастоўка на „Беларуськаліі” пачалася 17 жніўня. Шахцёры патрабавалі прызнаць вынікі выбараў прэзідэнта несапраўднымі; прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынства супраць народа і фальсіфікацыю выбараў; вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі і іншае.

19 жніўня на мітынгу ў цэнтры Салігорску прадстаўнікі страйкама „Беларуськалія” заявілі пра гатоўнасць пачаць галадоўку, калі на шахцёраў, якія бастуюць, будзе рабіцца націск: пагрозы, звальненні, сілавое ўздзеянне. У страйкаме падкрэслівалі, што згодна з Канстытуцыяй рабочыя „маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, у тым ліку праз рэалізацыю права на страйк”.

Першыя тры дні, паводле слоў Лявончыка, забастоўку падтрымала прыблізна чатыры тысячы работнікаў „Беларуськалія”, потым пад націскам многія шахцёры пачалі працу. Зараз у стачцы знаходзяцца 23 чалавекі.

„Першую хвалю пратэстаў у Салігорску загасілі. Мы спадзяемся на другую хвалю і масавую падтрымку. Магчыма, паўплывае эканамічны крызіс”, — дадаў член страйкама.

belapan.by