Стратэгія развіцця тарфяной прамысловасці распрацоўваецца ў Беларусі



 Стратэгія развіцця тарфяной прамысловасці на 2021-2025 гады распрацоўваецца ў Беларусі. Аб гэтым паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у час наведвання ААТ „Торфабрыкетны завод Дзітва”, паведамілі ў прэс-службе Мінэнерга.

Тарфяная прамысловасць адыгрывае важную ролю ў энергетычнай бяспецы краіны, дадаў ён. У агульнай долі выкарыстання мясцовых відаў паліва торф займае каля 15 працэнтаў. „Ёсць усе ўмовы для павелічэння гэтай колькасці”, – упэўнены міністр.

У адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы сістэмна мадэрнізуюцца асноўныя вытворчыя фонды торфапрадпрыемстваў з выкарыстаннем сучаснага абсталявання і тэхналогій, укараняюцца новыя метады распрацоўкі тарфяных палёў. „Дзітва – не выключэнне. Гэта ўзор работы торфапрадпрыемства – сучасная вытворчасць, адна з лепшых”, – канстатаваў кіраўнік ведамства.

Штогод у Беларусі здабываецца каля 2 млн т торфу. Па яго здабычы краіна займае чацвёртае месца ў свеце, а па вытворчасці торфабрыкетаў – першае. У тарфяной прамысловасці працуюць каля 3 тыс. чалавек.

belta.by