Страты Украіны ад вайны ацэньваюцца ў 650 мільярдаў даляраў



90-ы дзень вайны. Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны ў эканамічных пытаннях Алег Усценка заявіў, што аб’ём наўпроставых стратаў эканомікі Украіны ад вайны складае 650 мільярдаў даляраў. 

Алег Усценка

Разам з непрамымі стратамі сума складае прыблізна трыльён даляраў. Паводле Усценкі, цяпер Украіна правозіць актыўныя кансультацыі аб кампенсацыі стратаў Расеяй, у тым ліку коштам арыштаваных у Еўропе і ЗША расейскіх актываў і «замарожаных» актываў Цэнтральнага банку Расеі. 

Між тым, расейскія войскі абстрэльваюць украінскі Севераданецк фактычна бесперапынна. Мясцовыя ўлады кажуць, што расейцы знішчаюць жылыя будынкі ў ваколіцах горада і наносяць паўторныя ўдары па сацыяльных і адукацыйных аб’ектах. Ад колішняй гарадской інфраструктуры засталося толькі 10%, у розных маштабах пашкодзілі ўсе электрападстанцыі. Нягледзячы на абстрэлы, улады працягваюць вывозіць мясцовых жыхароў з горада. Але ў 12-13 тысяч мірных грамадзян яшчэ застаюцца. У іх няма пітной вады,  электрычнасці і газу хопіць максімум на паўтара месяца. Ваду спрабуюць завезці ў невялікія перапынкі між абстрэламі, як і ажыццявіць эвакуацыю людзей, але магчымасці ўсё меншыя.

Аналагічная сітуацыя і ў Данецкай вобласці Украіны. 

Тым часам, на тэрыторыі Беларусі засталіся адзінкавыя пункты знаходжання невялікіх груповак расейскіх войскаў. Гэта найперш тэрыторыя вайсковага аэрадрома «Зябраўка» на поўдзень ад Гомеля і пляцоўка побач з вёскай Прудок у Мазырскім раёне. Паводле інфармацыі Свабоды, у абодвух гэтых месцах расейцы пакінулі свае сістэмы супрацьпаветранай абароны С-400. Усяго, як падлічыў украінскі бок, ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Украіне было запушчана 788 ракет розных класаў.

Адзначым, што за тры месяцы вайны Расея змагла акупаваць толькі адзін абласны цэнтр Украіны — Херсон. З іншых буйных гарадоў акупавалі Марыўпаль.

Беларускае Радыё Рацыя