Страты з-за падатковага манеўру склалі з пачатку года 240 млн даляраў



З пачатку года страты Беларусі з-за падатковага манеўру склалі 240 млн даляраў, паведаміў журналістам намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў 26 верасня ў Менску ў кулуарах міжнароднай канферэнцыі „Рынак нафтапрадуктаў і газу Рэспублікі Беларусь: вытворчасць, трэйдынг, розніца”.

„Наступствы падатковага манеўру залежаць ад сусветных цэн на сыравіну. Па выніках дзевяці месяцаў страты, якія Рэспубліка Беларусь у цэлым панесла з-за манеўру, склалі каля 240 млн долараў”, — сказаў Сізоў, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што павелічэнне глыбіні перапрацоўкі нафты, якое адбудзецца ў выніку мадэрнізацыі беларускіх НПЗ, дазволіць крыху змякчыць наступствы ўплыву на Беларусь расейскага падатковага манеўру.

„Праекты па мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых заводаў, якія ўваходзяць у завяршальную стадыю, дазволяць пэўным чынам кампенсаваць нашы страты ў сувязі з падатковым манеўрам. Узровень кампенсацыі нашых страт будзе залежаць ад кан’юнктуры рынку”, — удакладніў Сізоў.

Паводле яго слоў, завяршэнне мадэрнізацыі беларускіх НПЗ запланаванае на 2020 год. „Завяршэнне пуска-наладачных работ на Мазырскім НПЗ запланаванае на верасень 2020 года, на наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе — у красавіку 2020 года”, — растлумачыў Сізоў.

Раней экспартаваная з Расеі ў Беларусь нафта не абкладалася мытнымі пошлінамі. Беларусь перапрацоўвала нафту на сваіх заводах і экспартавала яе ў краіны Еўропы, абкладаючы ўласнымі падатковымі пошлінамі і атрымліваючы ад гэтага даходы. Падатковы манеўр ў Расеі прадугледжвае паступовае зніжэнне падатковых пошлін на экспарт нафты да нуля да 2024 года і іх замяшчэнне падаткам на здабычу карысных выкапняў. Гэта азначае, што з 2024 года пры адсутнасці кампенсацыі з боку Расеі Беларусь фактычна будзе імпартаваць нафту па сусветных цэнах.

belapan.by