Стварэнне базы аб даходах грамадзян не павінна нагружаць бізнес
Стварэнне ў Беларусі базы дадзеных аб даходах грамадзян не павінна суправаджацца дадатковай нагрузкай на бізнес, лічыць Савет па развіцці прадпрымальніцтва.
Цяпер Саветам па развіцці прадпрымальніцтва сумесна з Міністэрствам па падатках і зборах вядзецца праца па аналізе падыходаў да фармавання базы аб даходах грамадзян, выпрацаваных у мэтах выканання прэзідэнцкага ўказа аб выдзяленні безнаяўных жыллёвых субсідый.
«На думку савета, гэты інфармацыйны рэсурс павінен фармавацца на аснове персаніфікаваных дадзеных, якія ўжо ёсць у розных дзяржаўных органаў і арганізацый, без стварэння дадатковай нагрузкі на суб’екты гаспадарання», – гаворыцца ў паведамленні кансультатыўнага органа пры прэзідэнце, размешчаным на яго сайце.
Савет звяртае ўвагу, што цяпер звесткі аб асноўнай масе даходаў грамадзян, якія працуюць, прадстаўляюцца наймальнікамі і акумулююцца ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва.
«З розных крыніц інфармацыя аб даходах насельніцтва паступае і ў Міністэрства па падатках і зборах. Такім чынам, дзяржаўныя органы валодаюць дастатковымі звесткамі аб узроўні даходаў грамадзян краіны, на аснове якіх можна меркаваць аб праве на атрыманне безнаяўнай жыллёвай субсідыі», – падкрэслівае Савет па развіцці прадпрымальніцтва.
У сувязі з гэтым, лічыць кансультатыўны орган, «фармаванню цэнтралізаванага інфармацыйнага рэсурсу павінен папярэднічаць аналіз прагназаваных наступстваў з пазіцый уплыву на рост часавых і фінансавых выдаткаў субʼектаў бізнесу».
Як паведамлялася, першапачаткова меркавалася, што з 2019 года ў Беларусі запрацуе адзіная база дадзеных аб даходах грамадзян. Праект Падатковага кодэкса ставіў у абавязак індывідуальным прадпрымальнікам і прадпрыемствам штоквартальна з 1 студзеня 2019 года падаваць звесткі ў падатковыя органы аб даходах наёмных работнікаў. Новы від абавязковай справаздачнасці ўлады хацелі ўвесці з мэтай вызначэння маламаёмных катэгорый грамадзян, якім у аўтаматычным рэжыме павінны налічвацца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі, гэта значыць давацца льготы на аплату паслуг ЖКГ.
Аднак пазней дата запуску адзінай базы аб даходах грамадзян была перанесена на 2021 год. Пры гэтым дзелавая супольнасць вельмі негатыўна ўспрымае той факт, што з-за зʼяўлення гэтай базы вырасце нагрузка на бізнес.
Бізнесмен, старшыня Беларускага саюза падаткаплацельшчыкаў Анатоль Трухановіч на прыкладзе сваіх прадпрыемстваў раней падлічыў, што адной юрыдычнай асобе вядзенне новага віду справаздачнасці абыдзецца штогод прыкладна ў 200 долараў.
«Гэта мінімум. У нас каля 350 тыс. падаткаплацельшчыкаў. Памножце гэту лічбу на 200 долараў, і мы атрымаем грубую ацэнку таго, у што нам абыдзецца ўвядзенне новага віду абавязковай справаздачнасці», – адзначаў раней Трухановіч.
Фота: nlb.by