Стыхійны мітынг на баранавіцкім рынку
На Баранавіцкім кааператыўным рынку адбыўся стыхійны мітынг прадпрымальнікаў. Нагодай для мітынгу сталі новыя патрабаванні кантралюючых органаў. Прывядзенне ў дзеянне патрабаванняў пачалося з праверкі ралета актывіста прадпрымальніцкага руху Мікалая Чарнавуса. Прадстаўнікі Берасцейскага абласнога і раённага спажывецкага саюза і дырэктар рынку склалі пратакол на Чарнавуса нібы за парушэнні пры арганізацыі працоўнага месца:
– Смяхотная праверка была. На бутэльцы не было надпісу, што там вада. Калі я п’ю з яе ваду, то павінна быць напісана, што там вада. Гэта ж смешна! На разетцы павінна быць напісана 220 вольт. Гэта ж ралет, а не вытворчае памяшканне. У тым, што не падключана пажарная сігналізацыя, я не вінаваты.
Прадпрымальнікі не пагадзіліся на новую дамову з патрабаваннямі ўстанаўлення відэаназірання, індывідуальнай пажарнай сігналізацыі, ахову міліцыяй ралетаў пры іх безадказнасці за страты. Як кажа Мікалай Чарнавус, на яго адзінага складзены акт “за невыкананне асобных пунктаў дамовы з рынкам”.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы