Суд не задаволіў хадайніцтва ТАА „АйПаўэр” аб прызначэнні прымірыцеля



У эканамічным судзе Берасцейскай вобласці 17 студзеня працягнуўся разгляд справы па пазове аблвыканкама да ТАА «АйПаўэр» аб вяртанні грашовых сродкаў у інавацыйны фонд.

Аблвыканкам дамагаецца спагнання з «АйПаўэр» 5 млн 725 тыс. 164,25 рубля ў інавацыйны фонд, бо кампанія, на думку істца, не выканала свае абавязацельствы па дамове: не быў рэалізаваны ў тэрмін праект па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю акумулятарнага завода.

17 снежня мінулага года адбылося папярэдняе пасяджэнне па пазове, на якім былі заслуханыя пазіцыі істца і адказчыка. Прадстаўнік «АйПаўэр» не пагадзіўся з пазіцыяй аблвыканкама, заявіўшы, што крайні тэрмін уводу завода ў эксплуатацыю – другі квартал 2020 года. Пры гэтым ён спасылаўся на інвестыцыйную дамову, заключаную ў 2017 годзе. Аблвыканкам у абгрунтаванні пазову спасылаецца на інавацыйную дамову, заключаную ў 2016 годзе. У адпаведнасці з ёй завод павінен быў быць пабудаваны і запушчаны да 31 ліпеня 2019 года.

Інвестыцыйная і інавацыйная дамовы былі заключаны паміж Берасцейскім аблвыканкамам і ТАА «АйПаўэр».

14 студзеня адбылося першае асноўнае судовае пасяджэнне па пазове. На ім стала вядома, што адказчык падаў сустрэчны пазоў да аблвыканкама аб прызнанні мізэрнасці інавацыйнай дамовы ад 2016 года. Адвакаты кампаніі заявілі хадайніцтва аб выпатрабаванні ў аблвыканкама праз суд шэрагу дакументаў. Суд яго задаволіў і прызначыў наступнае пасяджэнне на 17 студзеня.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, які прысутнічаў на пасяджэнні 17 студзеня, у судзе былі абнародаваныя пададзеныя ТАА «АйПаўэр» два новыя хадайніцтвы. У першым кампанія прасіла суд прызначыць прымірыцеля для правядзення па справе прымірыцельнай працэдуры. Гэта хадайніцтва яна аргументавала гатоўнасцю ўступіць у перамовы з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі для ўрэгулявання сітуацыі з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода. У другім хадайніцтве кампанія прасіла адкласці судовае пасяджэнне, спасылаючыся на тое, што неабходны час для вывучэння дадатковых дакументаў, якія 16 студзеня кампанія атрымала па сваім запыце з аблвыканкама.

Прадстаўнікі ТАА «АйПаўэр» на сённяшняе судовае пасяджэнне не з’явіліся.

«Суд адмовіўся пачаць працэдуру прымірэння, бо супраць гэтага катэгарычна выступілі прадстаўнікі аблвыканкама. Хадайніцтва адкласці судовы разбор суд задаволіў і прызначыў наступны на 5 лютага», – паведаміў Кісляк.

Як адзначыў праваабаронца, прадстаўнікі аблвыканкама, каментуючы хадайніцтвы адказчыка, заявілі, што «АйПаўэр» злоўжывае сваім правам і спрабуе перашкаджаць разгляду справы.

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і з 3 мая кругласутачна дзяжураць каля прадпрыемства.

У чэрвені Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў», а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода пад Берасцем атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамлялі, што прычынай адмоўнага заключэння стала падача недакладных дадзеных.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы «па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах».

У жніўні аблвыканкам зрабіў запыт аб ходзе завяршэння рэалізацыі праекта. Паколькі, на думку ўладаў, кампанія не выканала свае абавязацельствы па дамове, аблвыканкам апавясціў «АйПаўэр» аб спыненні дамовы, запатрабаваўшы вярнуць сродкі ў інавацыйны фонд у добраахвотным парадку на працягу месяца з даты паведамлення. Кампанія гэтага не зрабіла.

БелаПАН