Сума чыстай страты прамысловых прадпрыемстваў за год вырасла
Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных арганізацый прамысловасці ў студзені-чэрвені 2017 года ў параўнанні са студзенем-чэрвенем 2016-га знізілася з 443 да 385, або на 13,1%, іх удзельная вага — з 27,1 да 23,6 %.
Сума чыстай страты ўсіх стратных прампрадпрыемстваў за год вырасла на 27,9% да 795 млн рублёў, на адну стратную арганізацыю — на 47,1% да 2 млн 64,9 тыс. рублёў.
Чысты прыбытак усіх прамысловых арганізацый склаў 1 млрд 681,8 млн рублёў (у 2,5 разы больш), прыбытак да падаткаабкладання — 2 млрд 276 млн (у 1,9 разу больш).
Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 29,2% да 4 млрд 346,3 млн руб.
Рэнтабельнасць продажу за шэсць месяцаў гэтага года склала 9,1% супраць 7,6% за студзень—чэрвень 2016 года, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 11,5% супраць 9,6%.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг прамысловых арганізацый краіны ў сённяшніх цэнах склала 48 млрд 25,4 млн рублёў, або на 8,6% больш, чым у студзені—чэрвені 2016 года.
Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за студзень—чэрвень 2017 года павялічыўся на 8,3% да 37 млрд 890,3 млн рублёў.
Раней у каментарыі БелаПАН загадчык кафедры інавацыйнай эканомікі Міжнароднага ўніверсітэта „МІПСА” кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч адзначаў, што зніжэнне колькасці стратных прадпрыемстваў, верагодна, звязана з рэструктурызацыяй даўгоў. „Хутчэй за ўсё, з гэтым і звязана зніжэнне і колькасці, і долі стратных прадпрыемстваў. Таксама прадпрыемствы сталі акуратней ставіцца да сваіх фінансаў”, — лічыць эксперт.
На думку кіраўніка Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, хранічна стратныя прадпрыемствы не маюць права на існаванне. „Трэба прызнаць факт, стварыць камісію, якая магла б частку амярцвелага капіталу ажывіць і пусціць у іншыя праекты”, — перакананы эканаміст. Аднак, паводле яго слоў, улады кажуць стратным прадпрыемствам, што яны ўдзельнічаюць у той ці іншай дзяржпраграме, не змяняюць іх прызначэнне. „Гаворачы метафарамі, хочуць паганяць дохлага каня або ажывіць даўно высахлае дрэва”, — сказаў Раманчук.
Праблемных прадпрыемстваў, заявіў ён, значна больш, чым афіцыйна стратных. Многія з іх працуюць з рэнтабельнасцю ніжэйшай за 5%. „Іх не трэба накіроўваць на давернае кіраванне, а зрабіць прыватнымі ў надзеі на тое, што інвестары паспрабуюць іх рэанімаваць і на іх базе стварыць новыя вытворчасці. Іншага не дадзена”, — лічыць Раманчук.
На яго погляд, для фінансавага аздараўлення і дабрабыту прадпрыемстваў патрэбна сістэмная рэформа.
belapan.by