Шкода ад забруджанай расейскай нафты будзе вельмі вялікая



Беларусь назаве суму шкоды ад паступлення з Расеі забруджанай нафты ў нафтаправод „Дружба” пасля рэвізіі нафтаперапрацоўчых заводаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў 11 траўня ў Міенску.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вельмі негатыўна ацэньвае тое, што здарылася. „Расхлябанасць і разбоўтанасць на тэрыторыі Расеі (а гэта тысячы кіламетраў) — і велізарная труба была забруджаная атрутнай нафтай. За тыдзень нават трубу, па якой прапампоўваецца нафта, на 4-5 мм, як кажуць спецыялісты, з’ядае”, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Што тычыцца канкрэтнай сумы шкоды, яна пакуль невядомая, але відавочна, што будзе вельмі вялікая. „Сказаць гэтую суму я зараз не магу. Яна канчаткова будзе вядомая пасля таго, як мы прарэвізуем тое, што адбылося на Наваполацкім НПЗ, а зараз мы лічым страты”, — растлумачыў Лукашэнка.

Для падліку страт неабходна ацаніць ступень пашкоджання абсталявання нафтаперапрацоўчых заводаў. „Цяпер мы ацэньваем шкоду. Звычайна на месяц-паўтара мы заводы спыняем напераменку і пачынаем іх кожны год чысціць. Рэвізію правядзем, і ўжо канчатковая будзе ацэнка”, — адзначыў беларускі кіраўнік.

Пра пастаўкі з сярэдзіны красавіка па нафтаправодзе „Дружба” няякаснай нафты паведаміў „Белнафтахім”. 22 красавіка стала вядома, што з-за забруджанай хлорарганікай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Транзіт расійскай нафты ў Еўропу па нафтаправодзе „Дружба” быў спынены цалкам.

Намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў паведаміў журналістам, што страты Беларусі ў выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў склалі 100 млн даляраў.

У пачатку траўня чыстая нафта зноў пачала паступаць на тэрыторыю Беларусі.

Прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў 7 траўня даручыў давесці да канца расследаванне абставінаў забруджвання нафты ў трубаправодзе „Дружба”. „Трэба ўсё давесці да канца, таму што гэта дрэнны інцыдэнт, ён у пэўнай ступені падрывае давер да таго, як працуе гэтая сістэма”, — заявіў Мядзведзеў.

Кіраўнік Мінэнерга Расеі Аляксандр Новак паведаміў, што міжведамасная камісія з удзелам федэральных органаў улады, міністэрстваў і ведамстваў, кампаніі „Транснафта” вызначыла крыніцу забруджвання нафты — вузел уліку „Лапаціна” ў Самарскай вобласці. „Следчыя дзеянні выявілі групу кампаній, якія ажыццяўлялі незаконную дзейнасць і здачу ў сістэму некандыцыйнай нафты з выкарыстаннем у звышнарматыўнай колькасці хлорарганічных злучэнняў”, — паведаміў кіраўнік Мінэнерга.

Паводле яго слоў, матэрыялы праверкі перададзеныя ў Генеральную пракуратуру, праводзіцца комплекс аператыўных мерапрыемстваў і следчых дзеянняў ФСБ і Следчым камітэтам Расеі. Распачатая справа на падставе артыкулаў 158, 210 і 215.2 Крымінальнага кодэкса, чатыры чалавекі затрыманыя і рашэннем суда змешчаныя ў СІЗА.

belapan.by