Супрацоўнікаў АЭС будуць правяраць органы дзяржбясьпекі



Органы дзяржбясьпекі Беларусі будуць правяраць супрацоўнікаў і кандыдатаў на пасады на Беларускай атамнай электрастанцыі.

Пра гэта паведамляецца ў прэзідэнцкім указе, апублікаваным на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Органы дзяржбясьпекі Рэспублікі Беларусь будуць правяраць супрацоўнікаў і кандыдатаў «на прадмет выяўленьня звестак пра магчымасць прычынення названымі асобамі шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Паводле ўказу, «праверачныя мерапрыемствы» будуць тычыцца замежных работнікаў, а таксама замежных грамадзянаў, якія прэтэндуюць на пасады, «звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых або адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў». Правяраць будуць таксама работнікаў арганізацый, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве Беларускай АЭС.

Той, хто адмовіцца ад праверкі, не зможа ўладкавацца на працу або будзе вызвалены з займанай пасады. Калі па выніках праверкі будуць выяўленыя звесткі «пра магчымасць прычынення шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», то такія асобы таксама не змогуць займаць пасады на АЭС.

Паводле прэзідэнцкай прэс-службы, указ стварае ўмовы для замацавання на Беларускай АЭС высокакваліфікаваных кадраў.

Беларускае Радыё Рацыя