Супрацьстаянне іпэшнікаў з уладамі працягваецца
Не інакш як „папяровым футболам” назвалі адказы з адміністрацыі прэзідэнта ды Савета Міністраў актывісты кампаніі супраць увядзення банкаўскіх тэрміналаў для ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў. Вельмі аператыўныя адказы, на жаль, не адказалі на патрабаванні больш як тысячы гарадзенскіх падпісантаў.
Кажа Сяргей Верамеенка – прадстаўнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Гародні:
– Цікава, сумесная пастанова Саўміна і Нацыянальнага банка , але, заўважце, Савет Міністраў “футболіць” наш зварот. Гэта таксама было іхнае рашэнне, каб перанесці ўвядзенне тэрмінаў дзеяння банкаўскіх тэрміналаў з ліпеня на 1 студзеня 2016 года. ведаю, чаму яны адфутболілі – яны проста абавязаны нам адказаць.
Прычына пераносу дзеяння пастановы пра ўвядзенне банкаўскіх тэрміналаў тады была з нагоды пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Але што, цяпер сітуацыя палепшылася? – здзіўляюцца актывісты.
Звароты яшчэ ў канцы лістапада былі накіраваны ў чатыры ўстановы краіны: у адміністрацыю кіраўніка дзяржавы, у Нацыянальны банк, Раду міністраў ды абласную вертыкаль.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня