Сусветнаму банку прапанавалі ўзяць удзел у будаўніцтве чыгункі Менск – аэрапорт
Пытанне фінансавання стварэння чыгуначных зносін паміж беларускай сталіцай, індустрыяльным паркам „Вялікі камень” і нацыянальным аэрапортам Мінск абмеркавалі на сустрэчы 13 лістапада міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер.
„Бакі дамовіліся абмеркаваць супрацоўніцтва па гэтым напрамку дэталёва пасля працы сумеснай экспертнай групы Беларускай чыгункі і Сусветнага банка”, — паведамілі ў Мінтрансе.
На сустрэчы таксама былі абмеркаваныя далейшыя дзеянні ў дачыненні да праекта „Мадэрнізацыя транзітнага калідора”, які ўключае рэканструкцыю аўтамабільнай дарогі М-6 Менск — Гародня, павышэнне бяспекі дарожнага руху і кіраванне сеткай аўтадарог, рэканструкцыю пункта пропуску „Брузгі-2”.
Па гэтым пытанні была названая прагназаваная рэшта крэдытных рэсурсаў Сусветнага банка, у сувязі з чым банк прапанаваў тры варыянты выкарыстання гэтых сродкаў. Гэта арганізацыя бяспекі руху, асабліва на тых участках, дзе ідуць работы па рэканструкцыі; удасканаленне працэсаў кіравання дарожнымі актывамі — стварэнне і вядзенне базы даных аб дарожных умовах з мэтай садзейнічання прыярытызацыі работ па ўтрыманні і наяўным рамонце; фінансаванне тэхніка-эканамічнага абгрунтавання работ па рэканструкцыі аўтадарогі М-1.
„Нам, безумоўна, цікавыя вашы прапановы. Асабліва тое, што тычыцца фінансавання ТЭА для рэканструкцыі трасы М-1. Тым больш што мы пачалі падрыхтоўчы этап — распрацоўку перадынвестыцыйных прапаноў. І мы гатовыя больш дэталёва абмяркоўваць пытанне ўдзелу банка ў гэтым напрамку працы”, — адзначыў Аўраменка.
Як паведамлялася, у траўні гэтага года Аляксандр Лукашэнка даручыў арганізаваць чыгуначныя зносіны паміж Менскам, індустрыяльным паркам „Вялікі камень” і аэрапортам. Гэтыя пытанні ён даручыў узяць на асаблівы кантроль.
У 2020 годзе ў парку „Вялікі камень” плануецца пачаць будаўніцтва чыгуначнага тэрмінала. Мемарандум аб сумесных дзеяннях па стварэнні ЗАТ „Міжнародны тэрмінал Вялікі камень” заключылі АТ „Дуйсбургер Хафен”, ЗАТ „Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БиЭлАр Камерцыйная і Лагістычная кампанія”, Беларуская чыгунка і „Хупак Інтэрмодал СА”. Дакумент быў падпісаны падчас форуму рэгіянальнага супрацоўніцтва „Пояс і Шлях”, які прайшоў у „Вялікім камені” ў ліпені гэтага года.
Што да праекта мадэрнізацыі асобных участкаў транзітнага калідора M-6 паміж Менскам і Гародня, то на гэтыя мэты Сусветны банк раней выдзеліў 250 млн долараў. Чакаецца, што рэканструкцыя і рамонт трасы М-6 будуць цалкам завершаныя сёлета. Частка сродкаў зрасходаваныя на ўдасканаленне мытнай інфраструктуры на памежным пераходзе ў Брузгах.
На рэканструкцыю 160 км спатрэбілася крыху больш за два гады. Дарогу пашырылі да 22 метраў, яна стала чатырохпалоснай. Упершыню ў Беларусі з мэтай бяспекі на трасе ўсталявалі дэльтападобныя бетонныя адбойнікі, якія раздзялілі сустрэчныя транспартныя патокі. Акрамя таго, на працягу 134 км дарогу агарадзілі спецыяльнай ахоўнай сеткай.
belapan.by