Сусветны банк: Адставанне Беларусі ад суседніх краін будзе нарастаць



 У Беларусі ў 2018 годзе будуць захоўвацца нізкія тэмпы эканамічнага росту, што будзе прыводзіць да адставання рэспублікі ад узроўню развіцця суседніх краін. Такі прагноз прыводзіцца ў эканамічным аглядзе Сусветнага банка па Беларусі, прэзентацыя якога адбылася 19 красавіка ў Менску.

Перспектывы росту беларускай эканомікі застаюцца складанымі з-за патрэбаў у знешнім фінансаванні і нявырашаных унутраных структурных праблем”, — заявіла на прэзентацыі агляду эканаміст Сусветнага банка Марына Сідарэнка.

Яна звярнула ўвагу, што паляпшэнне ўнутранага і знешняга попыту будзе садзейнічаць аднаўленню эканомікі, аднак штогадовыя тэмпы эканамічнага росту „наўрад ці перавысяць 3% з прычыны абмежаванняў з боку вытворчага сектара„.

Нізкія тэмпы росту прывядуць да павелічэння разрыву ў даходах на душу насельніцтва паміж Беларуссю і суседнімі краінамі„, — адзначыла Сідарэнка. Яна нагадала, што, паводле прагнозу Сусветнага банка, эканомікі краін Балтыі і Польшчы будуць расці ў сярэднім вышэй за 3% у год.

Згодна з ацэнкамі Сусветнага банка, рост ВУП Беларусі можа скласці 2,9% у 2018 годзе, 2,7% — у 2019-м і 2,5% — у 2020 годзе.

Пры гэтым сярэднетэрміновы прагноз развіцця беларускай эканомікі „мае сур’ёзныя рызыкі, звязаныя са зменамі ў знешнім асяроддзі”, лічыць Марына Сідарэнка.

„Пагаршэнне ці нестабільнасць эканамічнай сітуацыі ў Расіі, у тым ліку ў сувязі з увядзеннем санкцый, можа паўплываць на эканоміку Беларусі па некалькіх каналах”, — адзначыла яна.

Эканамісты Сусветнага банка мяркуюць, што валацільнасць абменнага курсу расійскага рубля можа справакаваць ваганні беларускага рубля ў дачыненні да долара ЗША і гэта „можа прывесці да зніжэння даверу спажыўцоў да фінансавай сістэмы і да павелічэння попыту на замежную валюту”.

Акрамя гэтага, як лічаць эксперты банка, абясцэненне расейскага рубля ў дачыненні да долара ЗША можа аслабіць цэнавую канкурэнтаздольнасць беларускіх прадпрыемстваў на расійскім рынку.

„Змены па любым з гэтых аспектаў могуць стварыць складанасці для беларускага ўрада з атрыманнем валютных паступленняў, неабходных для выплаты і абслугоўвання дзяржаўнага доўгу ў замежнай валюце”, — падкрэсліла Марына Сідарэнка.

Яна нагадала, што у 2018 годзе толькі Міністэрства фінансаў Беларусі павінна выдзеліць 3,8 млрд долараў ЗША на пагашэнне і абслугоўванне дзяржаўнага доўгу ў замежнай валюце (эквівалентна 5,4% ВУП).   БелаПАН