Сусветны банк гатовы фінансава падтрымаць беларускія рэформы
Сусветны банк можа даць Беларусі фінансаванне пры ўмове рэалізацыі рэформаў, якія будуць падтрыманы крэдытам МВФ, паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва банка Алекс Крэмер, адказваючы на пытанні БелаПАН падчас Кастрычніцкага эканамічнага форуму (KEF) 31 кастрычніка ў Менску.
„Сусветны банк гатовы фінансаваць рэформы ў Беларусі. Шмат у чым гэта будзе залежаць ад наяўнасці праграмы Беларусі з МВФ”, — адзначыў Крэмер.
Калі ў Беларусі з МВФ „усё атрымаецца”, дадаў ён, „у нас ёсць дарожная карта рэформаў, якую мы зможам выкарыстаць”. Пры гэтым кіраўнік прадстаўніцтва банка ўдакладніў, што пакуль праца над гэтай картай не завершаная.
„Мы рэкамендуем, а прэзідэнт і ўрад прымаюць рашэнні”, — заявіў Крэмер. Ён растлумачыў, што цяпер банк абмяркоўвае карту рэформ з урадам.
Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка паведаміў, што банк рэкамендуе правесці рэформы ў Беларусі па некалькіх кірунках. „У першую чаргу мы рэкамендуем правесці рэструктурызацыю дзяржсектара, бо дзяржпрадпрыемствы саступаюць па эфектыўнасці прыватнаму сектару і назапашваюць даўгі”, — расказаў Крэмер.
Таксама, дадаў ён, у Беларусі неабходна ўзмацніць сістэму сацыяльнай абароны насельніцтва. „Калі адбываецца рэструктурызацыя эканомікі, людзі мяняюць працу, і яны павінны мець магчымасць гэта рабіць, не баючыся рызыкі беднасці”, — адзначыў Крэмер. На яго думку, у Беларусі павінны быць спецыяльныя праграмы па беспрацоўі і неабходныя праграмы падтрымкі людзей, якія аказваюцца ў складанай жыццёвай сітуацыі.
„Нарэшце, мы рэкамендуем, каб тарыфы на цяпло для насельніцтва павялічыліся да таго ўзроўню, колькі яно каштуе. Субсідаванне тарыфаў на ацяпленне — неэфектыўнае рашэнне, асноўны іх аб’ём атрымліваюць тыя хатнія гаспадаркі, у якіх жылая плошча большая”, — падкрэсліў Крэмер.
belapan.by