Сусветны банк: Негатыўны ўплыў канфлікту паміж Расеяй і Украінай на эканоміку



У 2014 годзе рост валавага ўнутранага прадукту ў Беларусі складзе 1,5%, у 2015-м – 1,8%, гаворыцца ў дакладзе Сусветнага банка па сітуацыі ў Беларусі. Гэта абумоўлена як наступствамі былога крызісу ва ўсім свеце, так і праблемамі ў эканоміцы краін-суседак Беларусі, кажа дырэктарка глабальнай практыкі па кіраванню макраэканамічнай і фіскальнай палітыкі Сусветнага банку Сату Кахконен.

– Калі браць краіны, якія размешчаны бліжэй да Рэспублікі Беларусь, то мы бачым, што тут таксама назіраецца замаруджванне эканамічнага росту, прысутнічае геапалітычная напружанасць ва ўзаемадачыненнях Украіны і Расеі, што адаб’ецца ў развіцці ўкраінскай эканомікі, і гэта можа паўплываць і на рост эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Паводле папярэдняга прагнозу, у 2016-м і 2017 гадах рост ВУП Беларусі складзе па 2% штогод.

* * *

Сусветны банк не раіць уладам Беларусі стрымліваць курс нацыянальнай валюты. Старэйшы эканаміст банка па Украіне і Беларусі Себасціян Экардт заўважае, што звычайна Сусветны банк не дае рэкамендацый наконт таго, куды павінен рухацца курс. Але падкрэслівае, што курс павінен быць гнуткім, калі ў суседніх краінах нацыянальныя валюты дэвальвуюцца.

– Мы перакананыя ў тым, што адыход ад існуючага ў гэты час гнуткага курсу прывядзе да павелічэння рызыкі для эканомікі Беларусі і паўтору таго, што адбылося ў 2011 годзе. Таму мы падкрэсліваем неабходнасць гнуткага абменнага курсу.

Ці прыслухаюцца да парады Сусветнага банка беларускія ўлады – невядома, але пакуль кіраўніцтва Нацбанка трымае курс на стабільнасць, не зважаючы на дэвальвацыю рубля ў Расеі, галоўнага гандлёвага партнёра Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя