Перапрацаваныя нафтапрадукты складаюць прыблізна траціну экспарту
Перапрацаваныя нафтапрадукты складаюць прыблізна траціну беларускага экспарту. Такой інфармацыяй падзялілася прадстаўніцтва Сусветнага банка на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, адказваючы на пытанне, наколькі моцна беларуская эканоміка залежыць ад нафты і газу з Расеі.
„Доўгі час Беларусь атрымлівала выгаду, купляючы нафту і газ з Расеі па коштах ніжэйшых за сусветныя і прадаючы нафтапрадукты па сусветных рынкавых цэнах. Перапрацаваныя нафтапрадукты складаюць прыблізна траціну беларускага экспарту”, — адзначаюць эксперты Сусветнага банка.
Напрыклад, працягваюць яны, памер выгады, звязанай з імпартам ільготнай нафты з Расеі, склаў больш за 10% ад ВУП у 2006 годзе. Аднак апошнімі гадамі памер выгады скараціўся — у 2016 годзе ён склаў усяго 4,4% ад ВУП.
Эканамісты Сусветнага банка таксама адказваюць на пытанне, як пераадолець гэтую залежнасць ад нафтавага фактару. Адзін са шляхоў — павышэнне канкурэнтаздольнасці іншых галін, арыентаваных на экспарт, заўважаюць прадстаўнікі СБ.
У першым паўгоддзі 2018 года Беларусь істотна павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расеі. Як стала вядома БелаПАН, з ініцыятывы расейскага боку ўжо падрыхтаванае рашэнне аб тым, што з чацвёртага квартала 2018 года Расея абмяжоўвае пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальнення ўнутраных патрэбаў рэспублікі. Акрамя гэтага, праект міждзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што паводле патрабавання расейскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.
Дырэктар дэпартамента падатковай і мытнай палітыкі Міністэрства фінансаў Расеі Аляксей Сазанаў на мінулым тыдні заявіў, што пры пастаўках нафтапрадуктаў у Беларусь расійскі бюджэт недаатрымлівае экспартныя пошліны. „Па сутнасці, гэта зноў прыхаваная форма субсідавання зараз ужо ўнутранага рынку Беларусі… Размова можа ісці аб аб’ёмах паставак ад 100 да 300 тысяч тон на год, але не аб двух мільёнах тон, як у цяперашні час. Летась мы страцілі на гэтым 10 мільярдаў рублёў, сёлета толькі за першае паўгоддзе — яшчэ 10 мільярдаў”, — падкрэсліў расійскі чыноўнік.
Падатковы манеўр у расійскай нафтавай галіне, які ўхваліла Дзярждума летам гэтага года, прадугледжвае, што ў 2019—2024 гадах вывазная пошліна на нафту ў Расеі, якую не выплачвае Беларусь пры імпарце вуглевадароднай сыравіны, знізіцца з 30 да 0%. Адначасова будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў пры здабычы нафты на велічыню зніжэння экспартных пошлін, што прывядзе да павелічэння ўваходнага кошту нафты для Беларусі.
Мінфін Беларусі ацэньвае выпадзенне прыбыткаў беларускага бюджэту пасля рэалізацыі падатковага манеўру ў Расеі ў 2019—2024 гадах прыкладна ў 4% ВУП на год.