Сусветны банк пагоршыў эканамічны прагноз па Беларусі на 2019-2021 гады
Сусветны банк пагоршыў прагноз развіцця беларускай эканомікі на 2019—2021 гады, гаворыцца ў справаздачы банка, прысвечанай эканамічнай сітуацыі ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
Згодна з новай ацэнкай Сусветнага банка, рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 2,2%, у 2020-м — 2,4%, у 2021-м — 2,1%. У параўнанні са студзеньскай ацэнкай Сусветнага банка эканамічны прагноз па Беларусі на 2019—2021 гады пагоршаны на 0,5, 0,1 і 0,4 працэнтнага пункта адпаведна.
„Прагноз эканамічнага росту ў Беларусі у 2019 годзе і ў сярэднетэрміновай перспектыве застаецца слабым — прыблізна 2%”, — гаворыцца ў справаздачы Сусветнага банка.
Аналітыкі падкрэсліваюць, што тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць залежаць ад умоў урэгулявання беларуска-расейскай спрэчкі ў нафтавай сферы.
„Пры адсутнасці кампенсацыі страт, звязаных з падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расеі, эканамічны рост у Беларусі замарудзіцца да ўзроўню ніжэй за 2%, а дэфіцыт рахунку наяўных аперацый можа павялічыцца, і спатрэбіцца дадатковая кансалідацыя бюджэту”, — прагназуюць эканамісты Сусветнага банка.
Пры найгоршым сцэнарыі (без кампенсацыі страт з-за падатковага манеўру) беларуская эканоміка „можа скаціцца ў рэцэсію”, гаворыцца ў справаздачы.
Эксперты банка таксама адзначаюць, што неэфектыўнасць і ўмоўныя абавязацельствы дзяржаўных прадпрыемстваў абмяжоўваюць эканамічны патэнцыял Беларусі.
Як паведамлялася раней, у студзені—лютым ВУП Беларусі вырас на 0,8%. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў прадугледжвае, што сёлета рост ВУП павінен скласці 4%.
belapan.by
