Сусветны банк пагоршыў прагноз развіцця эканомікі Беларусі
У 2019 годзе і ў сярэднетэрміновай перспектыве па-ранейшаму прагназуецца слабы рост беларускай эканомікі (ніжэй за 2% у год), гаворыцца ў эканамічным аглядзе, які Сусветны банк распаўсюдзіў 5 чэрвеня.
Эксперты банка лічаць, што нізкія тэмпы росту беларускай эканомікі будуць абумоўлены „спалучэннем структурнай нягнутксці і пагаршэннем умоў гандлю на фоне росту двухбаковай эканамічнай напружанасці з Расеяй”.
Эксперты Сусветнага банка чакаюць, што ў 2019 годзе беларуская эканоміка вырасце на 1,8%, у 2020 годзе — на 1,3%, у 2021 годзе — на 1,2%.
„Нават такі сціплы прагноз залежыць ад частковай — прынамсі, на ўзроўні 50% — кампенсацыі страт ад так званага „падатковага манеўру”, які праводзіцца ў Расеі і мае на ўвазе страту экспартных пошлін на нафтапрадукты, якія цяпер залічваюцца ў беларускі бюджэт, а таксама больш высокія цэны на сыравіну для беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў”, — лічаць эксперты Сусветнага банка.
На іх думку, без такой кампенсацыі рост беларускай эканомікі „можа замарудзіцца яшчэ больш з-за магчымай карэкціроўкі аб’ёму вытворчасці ў нафтахімічным сектары, а страту даходаў неабходна будзе кампенсаваць дадатковай карэкціроўкай у фіскальным сектары па прычыне выканання абавязацельстваў па пагашэнні доўгу, што адаб’ецца на тэмпах эканамічнага росту”.
Рост дзяржаўнага доўгу Беларусі, лічаць эканамісты Сусветнага банка, значная доля якога выражана ў замежнай валюце, „і нявызначанасць у дачыненні да негатыўных пабочных эфектаў „падатковага манеўру”, разам з пагаршэннем двухбаковых гандлёвых адносін, уяўляюць значныя рызыкі для эканамічнага росту” Беларусі.
На думку Сусветнага банка, адной з асноўных задач з’яўляецца ўмацаванне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі і, адпаведна, паскарэнне дыверсіфікацыі экспарту.
„Бягучы профіль экспарту робіць беларускую эканоміку надзвычай уразлівай да знешніх шокаў, якія ўзнікаюць у выніку двухбаковых гандлёвых спрэчак і ваганняў цэн на сыравіну”, — гаворыцца ў аглядзе Сусветнага банка.
Эксперты банка лічаць, што перспектывы росту ВУП у Беларусі „залежаць ад рэалізацыі мер палітыкі, накіраваных на падвышэнне эканамічнай эфектыўнасці”. Дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі, мяркуюць яны, па-ранейшаму працягваюць выціскаць больш прадуктыўнае выкарыстанне капіталу і з’яўляюцца галоўнай крыніцай фіскальных рызык.”
Далейшае правядзенне рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў неабходнае для пашырэння прасторы для развіцця прыватнага сектара, паколькі рост малых і сярэдніх прадпрыемстваў можа ўперціся ў „шкляную столь” з прычыны таго, што рэсурсы накіроўваюцца на іншыя, менш прадуктыўныя мэты”, — гаворыцца ў аглядзе Сусветнага банка.