Сусветны банк паказвае на рызыку стрэсавых сітуацый у фінансавай сферы Беларусі
Сусветны банк прагназуе запаволенне тэмпаў росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі да 2,7% у 2019 годзе і 2,5% — у 2020—2021 гадах, паведамляецца ў студзеньскім аглядзе банка „Перспектывы сусветнай эканомікі. Азмрочаныя перспектывы”.
Згодна з ацэнкай аналітыкаў СБ, паводле вынікаў 2018 года рост беларускай эканомікі складзе 3,4%.
„Рызыка развіцця стрэсавых сітуацый у фінансавай сферы патэнцыйна вышэйшая ў краінах, дзе існуюць унутраныя фактары ўразлівасці, напрыклад у Румыніі і Беларусі, якія маюць дэфіцыт па рахунку бягучых аперацый або значны аб’ём запазычанасці ў замежнай валюце”, — падкрэслівае Сусветны банк.
„Запаволенне або адмена структурных рэформаў у Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Турцыі і ва Украіне выкліча рост палітычнай няпэўнасці, а ўзмацненне напружанасці вакол Сірыі ці Украіны здольнае прывесці да ўвядзення новых санкцый і падрыву даверу да рэгіёна”, — канстатуюць эканамічныя аналітыкі.
У цэлым Сусветны банк у аглядзе пагоршыў прагноз росту сусветнага ВУП на 2019 год. Так, тэмпы росту сусветнай эканомікі у 2019 годзе запаволяцца да 2,9%, ніжэй за раней прагназаванае, і да 2,8% — у 2020—2021 гадах.
Аналітыкі СБ раней адзначалі, што галоўная задача Беларусі — знайсці спосабы пераходу ад цыклічнага ўздыму да ўстойлівага структурнага аднаўлення эканомікі. „Без структурных зменаў рост у сярэднетэрміновай перспектыве прагназуецца на ўзроўні 2—2,5% на год”, — падкрэслівалі эксперты.
Паскарэнне эканамічнага росту ў Беларусі, адзначалі яны, „патрабуе павышэння эфектыўнасці ў размеркаванні рэсурсаў, далейшага спрашчэння ўмоў вядзення бізнесу, стымулявання інвестыцый і ўмацавання даверу да дзяржаўных інстытутаў”.
„Для ўстойлівага павышэння ўзроўню жыцця неабходныя эканамічныя, сацыяльныя і інстытуцыйныя пераўтварэнні, заснаваныя на ўзмацненні ролі прыватнага сектара, павышэнні эфектыўнасці дзяржаўных прадпрыемстваў і ўмацаванні сістэм сацыяльнай абароны”, — заяўляюць эксперты Сусветнага банка.
Як паведамляў БелаПАН, улады Беларусі чакаюць, што ў першым квартале 2019 года тэмпы эканамічнага росту істотна замарудзяцца ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года. У першым квартале мінулага года рост ВУП меў аднаўленчы характар і склаў 5,1%. Зараз урад чакае, што ў першым квартале 2019 года эканамічны рост складзе ўсяго 0,6%.
Разам з тым ва ўрадзе разлічваюць, што ў наступныя кварталы 2019 года эканоміка будзе паступова паскарацца. Паводле вынікаў першай паловы года чакаецца рост ВУП на 1,8%, студзеня—верасня — на 3,1%, па выніках года — на 4%.
У студзені—лістападзе 2018 года рост ВУП Беларусі склаў 3,2%. Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжвае, што паводле вынікаў 2018-га ВУП павялічыцца на 3,5%.
Міжнародныя фінансавыя арганізацыі не падзяляюць афіцыйны прагноз, лічачы, што у 2019 годзе эканоміка краіны будзе расці больш павольна, чым у 2018-м. Так, напрыклад, згодна з прагнозам МВФ, рост беларускага ВУП паводле вынікаў 2018 года складзе прыблізна 3,5%, а ў 2019-м замарудзіцца да 2,5%.