Сусветны банк палепшыў прагноз ВУП Беларусі
Сусветны банк палепшыў перспектывы для беларускай эканомікі, абнавіўшы свой прагноз адносна росту ВУП Беларусі ў 2023 годзе. Пра гэта гаворыцца ў вясновым аглядзе эканамічных перспектыў краін рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
Сусветны банк прагназуе рост беларускага ВУП сёлета на 0,6%, а інфляцыю на ўзроўні 11%. Раней інстытут заяўляў, што эканоміка Беларусі сёлета знізіцца на 2,3%. Урад Беларусі ў сваю чаргу разлічвае нарасціць ВУП у бягучым годзе на 3,8%.
Эканамісты Сусветнага банка мяркуюць, што сёлета эканоміка Беларусі працягне адаптавацца да санкцый. Пры гэтым у Сусветным банку прызнаюць, што на якасць прагнозу ўплывае тое, што ўлады Беларусі хаваюць эканамічную статыстыку.
У Беларусі пабудуюць яшчэ адзін ядзерны рэактар і радыеактыўны могільнік
У Аб’яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны” пад Менскам збіраюцца пабудаваць новы даследчы рэактар. Пра такія планы расказаў дырэктар офіса расейскай дзяржаўнай карпарацыі “Росатом” у Беларусі Станіслаў Лявіцкі. На рэактары будуць тэсціраваць новыя зборкі ядзернага паліва, займацца выпрацоўкай радыеактыўных ізатопаў, праводзіць даследавання ў інтарэсах бяспекі Беларускай атамнай электрастанцыі. Лявіцкі расказаў, што зараз праект будавання рэактара пад Менскам праходзіць этап узгаднення. Плануецца, што гэта будзе беларуска-расейскі праект, узровень удзелу бакоў абмяркоўваецца.
У сваю чаргу начальнік упраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Дзяржатамнагляду Дзмітрый Паўлаў расказаў аб планах будавання ў Беларусі ядзернага могільніка, у тым ліку для захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва з АЭС. Ідзе выбар пляцоўкі.
На Віцебшчыне прадаюць аб’екты гістарычнай значнасці
У Віцебскай вобласці ў красавіку прадаецца шэсць аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Некаторыя аб’екты будуць прадавацца з устанаўленнем пачатковай цаны, роўнай адной базавай велічыні, то бок 37 рублёў, піша “Віцебская вясна”.
Прадаць збіраюцца колішні кляштар кармелітаў у Глыбокім, станцыйны дом у вёсцы Паграбенка Сенненскага раёна і спіртзавод у аграгарадку Полымя ў тым самым раёне. Таксама прапануюцца да продажу былы вінаробны завод па вуліцы Пакроўскай і адміністрацыйны будынак па вул. 1-я Чырвонабрыгадная ў Віцебску, графская сядзіба ў вёсцы Відзы Лаўчынскія Браслаўскага раёна. За тры месяцы гэтага года, на аўкцыёнах Віцебшчыны прадалі 37 аб’ектаў, што дазволіла папоўніць дзяржаўны бюджэт на 262 тысячы рублёў.
Золатавалютныя рэзервы за сакавік выраслі
Золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі да 8,1 мільярда даляраў пасля зніжэння ў лютым. Цяпер за месяц яны прыбавілі 329 мільёнаў даляраў. Нацбанк цяпер не раскрывае, за кошт чаго адбываецца рост ці зніжэнне аб’ёму рэзераваў. Па планах Нацбанка, золатавалютныя рэзервы краіны да канца 2023 года павінны складаць не менш за 6 млрд даляраў
За год продажы новых аўто ў Беларусі знізіліся на 80%
У першым квартале ў Беларусі прадалі новых легкавых аўто на 80% менш, чым за аналагічны перыяд год таму, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя. Агулам прадалі 2903 машыны. “Станоўчым фактарам з’яўляецца з’яўленне на беларускім рынку новых брэндаў і мадэляў аўтамабіляў. Але ў той жа час захоўваецца сітуацыя перавышэння пакупніцкага попыту над прапановай”, — кажа генеральны дырэктар СЗАТ “БелДжы” Генадзь Свідзерскі. Лідарам продажаў на беларускім аўтарынку з’яўляецца Geely. На рахунку гэтай маркі — 72% ад усіх прададзеных новых легкавых аўто.
Беларускае Радыё Рацыя.