Сусветны банк: Палітыка статус-кво не дазволіць Беларусі хутка рухацца
Захаванне палітыкі статус-кво, якая не прадугледжвае рэформаў, не дазволіць Беларусі хутка развівацца. Такое меркаванне выказала рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен, выступаючы 5 лістапада на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Менску.
Цяпер Беларусі трэба працягваць прытрымлівацца макраэканамічнай палітыкі, на якую ўлады перайшлі некалькі гадоў таму, сказала Кахканен. „Палітыка макраэканамічнай стабілізацыі павінна працягвацца”, — падкрэсліла яна.
Пры гэтым яна адзначыла, што далейшая інтэграцыя ў глабальную эканоміку асабліва важная сёння для Беларусі.
„Сёння беларускі экспарт сканцэнтраваны на мінеральных рэсурсах (калійных угнаеннях і нафтапрадуктах). Гэта робіць Беларусь уразлівай у выпадку змянення сусветных цэн на сыравінныя тавары, а таксама ў выпадку змены дамоўленасцяў з Расеяй”, — адзначыла рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка.
На яе думку, Беларусі неабходна праводзіць рэформы для павышэння канкурэнтаздольнасці сваёй эканомікі.
„Захаванне палітыкі статус-кво не дазволіць краіне хутка рухацца, павышаць даходы насельніцтва. Таму цяпер важныя рэформы. Неабходна прымаць меры для пашырэння рынкавых сіл у эканоміцы, рабіць больш жорсткімі бюджэтныя абмежаванні, каб усе прадпрыемствы працавалі ў рынкавым асяроддзі”, — падкрэсліла Сату Кахканен.
Сусветны банк, дадала яна, рэкамендуе таксама Беларусі хутчэй уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю. „Гэта дапаможа стварыць прадказальныя правілы знешняга гандлю і дасць магчымасць выйсці на новыя рынкі”, — лічыць рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка.
Для Беларусі, удакладніла яна, пажадана павялічваць экспарт паслуг. „Мы бачым, што доля ІТ у беларускім экспарце паслуг хутка павялічваецца”, — сказала Кахканен.
Развіваючы знешні гандаль, дадала яна, не варта забываць аб сацыяльнай падтрымцы насельніцтва.
„Важна памятаць, што адкрыты гандаль ідзе на карысць эканоміцы, але не усе ад гэтага атрымаюць аднолькавыя выгады. Таму важна стварыць моцную сістэму сацыяльнай абароны, сістэму адукацыі, якая будзе рыхтаваць студэнтаў да прафесій будучыні”, — адзначыла Кахканен.
На яе думку, Беларусі трэба праводзіць палітыку, якая зробіць супрацоўнікаў больш мабільнымі. „Гэта дазволіць змякчыць негатыўныя наступствы ад адкрыцця краіны”, — сказала Кахканен і дадала, што Сусветны банк гатовы аказваць дапамогу ўладам Беларусі на гэтым шляху.