Сусветны банк разглядае магчымасць інвеставання ў чыгуначны сектар Беларусі
Сусветны банк разглядае магчымыя напрамкі інвеставання ў чыгуначны сектар Беларусі, у тым ліку з выкарыстаннем механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Пра гэта ішла размова на сустрэчы групы спецыялістаў Сусветнага банка з кіраўніцтвам НАІП і прадстаўнікамі Міністэрства эканомікі, паведамляе Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі.
На сустрэчы бакі абмеркавалі патэнцыяльныя шляхі ўзмацнення двухбаковага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Сусветнага банка ў сферы дзяржаўна-прыватнага партнёрства, развіцця наземнага транспарту і чыгуначнай галіны.
Як адзначаюць у НАІП, спецыялісты Сусветнага банка выказалі вялікую зацікаўленасць у прадаўжэнні сумеснай работы па развіцці дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі і анансавалі пачатак вялікага даследавання аб бягучым стане інфраструктурнага развіцця краіны, якое будзе доўжыцца каля 18 месяцаў. У гэтым напрамку для спецыялістаў Сусветнага банка асаблівую цікавасць мае сфера чыгуначнага транспарту.
„Асаблівыя надзеі Сусветны банк ускладае на плённую сумесную працу па праектах чыгуначнай галіны, паколькі вопыт такіх краін, як Сербія, Румынія і Балгарыя, паказвае, што супрацоўніцтва ў дадзенай галіне створыць новыя магчымасці для развіцця для абодвух бакоў”, — адзначылі ў НАІП.
Як паведамляў БелаПАН, рамачная стратэгія партнёрства Групы Сусветнага банка для Беларусі на 2018—2022 гады зацверджана саветам дырэктараў СБ сёлета 3 красавіка. У рамках стратэгіі плануецца выдзеліць на фінансаванне праектаў у Беларусі каля 570 млн долараў.
Стратэгія на 2018—2022 гады, у прыватнасці, прадугледжвае ў тым ліку фінансаванне на 50 млн даляраў праекта па мадэрнізацыі сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі, дадатковае фінансаванне ў суме 50 млн даляраў для праекта па мадэрнізацыі сістэмы адукацыі, выдзяленне 50 млн даляраў для праектаў па ўмацаванні сістэмы вышэйшай адукацыі, 70 млн даляраў плануецца выдаткаваць Беларусі на праект па павышэнні эфектыўнасці і якасці камунальных паслуг, 100 млн даляраў будзе выдзелена ў рамках праекта па павышэнні ўстойлівасці энергетычнага сектара.
За ўвесь перыяд супрацоўніцтва (1992—2017) Сусветны банк інвеставаў каля 1,7 млрд даляраў ЗША ў шэраг значных інфраструктурных і сацыяльных праектаў у краіне.
Дзеючы партфель Сусветнага банка ўключае восем інвестыцыйных праектаў з пазыковым фінансаваннем на агульную суму каля 800 млн даляраў ЗША.