Сусветны банк зацвердзіў новую стратэгію для Беларусі



Рамачная стратэгія партнёрства Групы Сусветнага банка для Беларусі на 2018—2022 гады зацверджаная саветам дырэктараў СБ 3 красавіка.

Паводле інфармацыі Сусветнага банка, стратэгія цалкам адпавядае праграме дзейнасці беларускага ўрада на 2016—2020 гады і грунтуецца на высновах і рэкамендацыях комплекснага дыягнастычнага даследавання эканомікі Рэспублікі Беларусь (SCD), падрыхтаванага СБ.

Найбліжэйшыя пяць гадоў дапамога Групы Сусветнага банка будзе засяроджаная ў трох сферах: стварэнне магчымасцяў для развіцця прыватнага сектара і павышэння эфектыўнасці дзяржаўных інвестыцый; падтрыманне чалавечага капіталу за кошт паляпшэння ўмоў навучання ў сферы адукацыі і якасці медыцынскай дапамогі; узмацненне ўнёску інфраструктуры ў эканамічны рост, кіраванне зменай клімату і развіццё чалавечага патэнцыялу.

„Устойлівае павышэнне ўзроўню жыцця ў Рэспубліцы Беларусь вымагае структурных змен з улікам узмацнення ролі рынкавых фактараў і ўмацавання механізмаў сацыяльнай абароны, — заявіў кіраўнік беларускага прадстаўніцтва СБ Алекс Крэмер. — Група Сусветнага банка імкнецца да таго, каб павялічвалася якасць жыцця звычайных грамадзян. Гэта прадугледжвае павелічэнне колькасці працоўных месцаў у прыватным сектары, развіццё ведаў і навыкаў, якія адпавядаюць патрабаванням часу, павышэнне якасці аховы здароўя, а таксама развіццё інфраструктуры, што спрыяе росту эканомікі і ахове навакольнага асяроддзя”.

Рамачная стратэгія партнёрства распрацаваная на аснове шырокіх кансультацый з дзяржаўнымі органамі, бізнес-асацыяцыямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, партнёрамі па развіцці, навуковымі коламі і бенефіцыярамі. Падчас кансультацый многія ўдзельнікі адзначалі, што празрыстасць інфармацыі, доступ да звестак аб уздзеянні мер, што прымаюцца, і дыялог паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі могуць палепшыць працэс прыняцця рашэнняў. Таму скразной тэмай стратэгіі стала садзейнічанне больш шырокаму выкарыстанню звестак і доступу да інфармацыі ў працэсе прыняцця дзяржаўных рашэнняў, адзначае СБ.

Рамачная стратэгія з’яўляецца сумеснай стратэгіяй Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, Міжнароднай фінансавай карпарацыі (МФК) і Шматбаковага агенцтва па інвестыцыйных гарантыях.

„Павелічэнне прыватных інвестыцый — аснова стратэгіі МФК у Беларусі, — адзначыў рэгіянальны менеджар карпарацыі па Беларусі, Малдове і Украіне Джэйсан Пелмар. — На працягу перыяду дзеяння наступнай стратэгіі МФК працягне садзейнічаць Беларусі ў паляпшэнні бізнес-асяроддзя, падтрымцы канкурэнцыі і павелічэнні ўдзелу прыватнага сектара ў розных сектарах эканомікі”.

Раней паведамлялася, што да канца 2022 года на рэалізацыю праектаў у Беларусі СБ плануе накіраваць больш за 500 млн долараў.

За ўвесь перыяд супрацоўніцтва (1992—2017) Сусветны банк інвеставаў прыкладна 1,7 млрд долараў ЗША ў шэраг значных інфраструктурных і сацыяльных праектаў у краіне.

Дзейны партфель Сусветнага банка ўключае восем інвестыцыйных праектаў з пазыковым фінансаваннем на агульную суму 789 млн долараў ЗША.

belapan.by

Фота БелТА