СВК “Сынковічы” – адна з лепшых гаспадарак Беларусі
За апошнія 25 гадоў на Беларусі зніклі сотні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Многія і цяпер стратныя, неперспектыўныя і дабітыя, як кажуць, вяскоўцы “да ручкі”. А вось пра сельскавытворчы кааператыў “Сынковічы” Зэльвенскага раёна гэтага не скажаш. Прадпрыемства, якое шмат гадоў узначальвае Дзмітрый Дзешка, адно з лепшых не толькі на Гарадзеншчыне, але і ў Беларусі. Яно нават занесена на так званую рэспубліканскую Дошку гонару.
Сярэдні ўзрост работнікаў у СВК “Сынковічы” 35-40 гадоў. Сельскавытворчы кааператыў пастаянна разбудоўваецца і мадэрнізуецца. Аднаўляюцца старыя вясковыя будынкі: сантэхніка, электраабсталяванне, вокны, дзверы, праводзіцца газ. Гаспадарка за свой кошт сёлета пабудавала тры сіласна-сенажныя траншэі агульным аб’ёмам 15 тысяч тон. Рыхтуецца пад здачу збожжасховішча на 2 тысячы тон, асфальтуюцца вуліцы, мехдвары, аднаўляецца машынна-трактарны парк, рэканструююцца жывёлагадоўчыя комплексы. Удой ад каровы ў гэтай гаспадарцы складе 8800 кілаграмаў малака, а сярэднесутачны прывес – 915 грамаў.
Сярэдні заробак у СВК “Сынковічы” складае 1380 рублёў. А механізатары і даяркі атрымліваюць значна болей – ад 2 да 4 тысяч беларускіх рублёў у месяц. Зарплата ў гаспадарцы выплочваецца заўсёды своечасова, ёсць прэміі і сацыяльны пакет. Як бачыце, можна і ў вёсцы жыць, працаваць і атрымліваць добры заробак. Галоўнае, каб кіраўніку гаспадаркі і людзям не перашкаджалі вертыкальшчыкі.
І яшчэ. На тэрыторыі СВК “Сынковічы” знаходзіцца ўнікальны помнік Беларусі – Сынковіцкая крэпасць-царква. А таксама сярэдняя школа, якой гаспадарка заўсёды аказвае вялікую дапамогу.
Беларускае Радыё Рацыя