Святлана Калачова: Малы бізнес працягваюць выціскаць



Гомельская прадпрымальніца Святлана Калачова пракаментавала чарговы «наезд» прадстаўніцы «Беллегпрама» на магазіны сэканд-хэнд.

Кіраўнік «Беллегпрам» Таццяна Лугіна зноў выказалася на тэму сэканд-хэнд. Чыноўніца заявіла пра нядобрасумленную канкурэнцыю і прапанавала, калі не зачыніць сэканд-хэнды, то прыбраць іх з абласных цэнтраў, буйных гарадоў і з цэнтральных вуліц.

Святлана Калачова: Смешна чуць, калі кажуць, што неабходна сумленная канкурэнцыя паміж дзяржаўнымі структурамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Такога проста не можа быць.

Гэта ІП-эшнікаў выціскаюць з бізнесу, а не мы камусьці ставім палкі ў колы. Гэта менавіта нам дзяржава робіць невыноснымі ўмовы працы. Нас выціскаюць, а некаторым прадстаўнікам буйнога бізнесу паўсюль зялёнае святло. А чаму б не знайсці залатую сярэдзіну, каб усе маглі працаваць?

РР: Крамы сэканд-хэнд – сур’ёзны канкурэнт для «Белегпрама»?

Святлана Калачова: Калі кіраўніца гэтай установы такая ўжо прынцыповая, то чаму яна ўзгадвае толькі гэтыя магазіны і абсалютна маўчыць пра тыя, дзе гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці азіяты? Яны для нашых чыноўнікаў наогул, як святая карова, чапляць іх, напэўна, забаронена.

Вось гэтых таварышаў з іх правіламі гандлю і насамрэч ужо даўно можна было адправіць за кальцавую дарогу, бо там суцэльнае парушэнне законаў. Але ж усе маўчаць.

Таму, трэба проста зрабіць абсалютна для ўсіх аднолькавыя ўмовы, і тады мы пабачым, хто сябе лепш пакажа. А сэканды, натуральна, працвітаюць, бо ў шматлікіх людзей абсалютна мізэрныя заробкі, і яны хочуць зэканоміць, калі купляюць танныя тавары. А «Беллегпраму», відаць, гэта не падабаецца. Яны хочуць, каб бедныя беларусы куплялі дарагую і не самую якасную айчынную прадукцыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя