Святлана Калачова: Праверым, чаго варты словы чыноўнікаў…
Гомельская прадпрымальніца Святлана Калачова распавядае, як прадстаўнікі малога бізнесу ў іх рэгіёне ўспрынялі новыя правілы для ІП-эшнікаў.
Нагадаем, што ў бліжэйшы час у Беларусі павінен быць падпісаны новы ўказ, які вызначае правілы гандлю таварамі лёгкай прамысловасці без дакументаў.
Як гаворыцца ў тлумачэнні Міністэрства па падатках і зборах, індывідуальным прадпрымальнікам-плацельшчыкам адзінага падатку дадзена права прадаваць тавары без дакументаў, увезеныя з тэрыторыі краін Мытнага саюза. Правіла будзе тычыцца гандлёвых аб’ектаў (за выключэннем крамаў) і гандлёвых месцаў на рынках.
Аднак пры гэтым за ажыццяўленне рознічнага гандлю таварамі без дакументаў прадугледжваецца выплата адзiнага падатку з прымяненнем падвышальнага каэфіцыента 2 і выплата ПДВ у фiксаваных сумах у павялічаных памерах.
Падпісанне дакумента чакаецца ў бліжэйшы час.
Святлана Калачова: У першыя дні гэтага месяца ў Гомелі прадпрымальнікі не працавалі. Але вядома, што ёсць нейкі ўрадавы дакумент, у якім нам рэкамендавана пачынаць працу, заплаціўшы падаткі на тых умовах, як плацілі раней. Маўляў, пакуль працуйце так, а пазней павінен з’явіцца афіцыйны дакумент, які і будзе рэгламентаваць нашу далейшую дзейнасць. І, згодна з гэтым дакументам, будзем плаціць больш падаткаў – недзе каля 5 мільёнаў рублёў у месяц для тых, хто гандлюе адзеннем. Кожны, натуральна, такую навіну успрыняў па-свойму, і кожны сам будзе вызначацца, што яму рабіць далей. Але ізноў-такі – дакумента ж пакуль няма.
РР: Адным словам, чыноўнікі пакуль што дзеляць шкуру незабітага мядзведзя?
Святлана Калачова: Так! Каб высвятліць для сябе некаторыя моманты па працы, мы пайшлі ў абласную падаткавую інспекцыю. Там, да слова, нас добра сустрэлі, далі актавую залу, прыйшлі падаткавікі… І патлумачылі, што да з’яўлення новага ўказа мы можам працаваць са старым таварам, але новыя партыі не маем права ўвозіць. Мы некалькі разоў перапыталі: “А ці не блеф гэта? Выйдзем на працу, а вы ізноў пачнеце нас валтузіць”. Нам шчыра адказалі: “Мы не можам нічога казаць пра тое, што будзе заўтра”. Адным словам, вынікам усяго гэтага стала – ніхто нічога не гарантуе да падпісання закона. І што там будзе ў законе – таксама дакладна не вядома. Так што зараз усе размовы “ні пра што”. Праверым, чаго варты словы чыноўнікаў…
РР: Як прадпрымальнікі ўспрынялі новыя правілы?
Святлана Калачова: Спачатку ўзрадаваліся. Але мы ўжо нікому не верым, хоць чыноўнікі нам казалі: “Выходзьце на рынкі, заплаціце падаткі…” Але вось пытанне: “Хто заварыў усю гэтую кашу?” Прадпрымальнікі? Не. Навошта было да нас даводзіць да такога адчаю, што народ кінуў свае працоўныя месцы? А зараз: “Заплаціце падаткі…” Дык вы ж самі ўсё зрабілі для таго, каб не атрымаць гэтыя падаткі. Але сёння, думаю, многія пойдуць ізноў працаваць, бо сем’і карміць трэба, а пачынаецца вясенні сезон, наперадзе – святы. Людзі пайшлі плаціць падаткі. Мы ў падаткавікоў пыталі: “Мы заплацім, але нас не падмануць?» У адказ пачулі: “Не, напэўна”. Паўтаруся, пакуль не будзе ўказа, стопрацэнтных гарантый прадпрымальнікам ніхто даць не можа. І ведаю, што некаторыя ІП-эшнікі сказалі катэгарычна: пакуль сітуацыя не праясніцца, на працу не пойдзем. Яны не вераць больш уладзе…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя