Святлана Калачова: Спадзяемся на кампраміс



Гомельская прадпрымальніца Святлана Калачова распавяла, як яна з інжынераў перайшла ў ІП-эшнікі, і чаму збяднелі беларусы.

РР: Да 25 студзеня, калі пройдзе чарговы форум, прадпрымальнікі не працуюць?

Святлана Калачова: Справа тут нават не ў даце. Мы яшчэ раз усім паўтараем: ІП-эшнікі не працуюць па новых правілах, бо не могуць па іх працаваць. Прайшоў эмацыйны форум, было шмат сказана, але ж не бачна, што ўлада пасля гэтага заварушылася. Можа такое зацішша, бо людзі сядзяць у сваіх кабінетах і вырашаюць нашыя праблемы? Але ж па тэлебачанні – цішыня. Як быццам і няма праблемы. Таму мы ўсе чакаем нейкага разумнага рашэння. Не будзе яго – можа і пасля 25 студзеня працаваць не будзем. З’явіцца раней – раней і на працу выйдзем. Усе ж бачаць, што новы закон не працуе. Ён накіраваны толькі на тое, каб прадпрымальнікі ўвогуле закрыліся. Разумееце, тыя, у каго ёсць сапраўдныя дакументы і хто працуе з беларускімі таварамі, — іх, можа быць, каля 2-3 адсоткаў. А як быць з астатнімі, якія адпрацавалі па 20 гадоў?

РР: Калі працаваць не будзеце, то за нешта жыць трэба…

Святлана Калачова: На форуме адна жанчына сказала, што, калі будзе такая ж сітуацыя, то трэба збірацца і з’язджаць з краіны. Можа быць, хтосьці адправіцца ў Расею, але ж вы ведаеце, колькі ў нас тавару засталося?.. Дайшло да таго, што ў апошнія дні перад Новым годам мы яго проста раздавалі. Два купляеш – трэці ў падарунак. Былі б толькі добрыя рукі, але ж і рук не было. Я вось зайшла зараз на паркінг, там выйшлі на працу 10 чалавек, але ж пакупнікоў – няма. У людзей няма грошай, і, магчыма, некаторыя нават не ведаюць, што рынкі зачыненыя, бо яны туды не ходзяць. Паесці купілі – і ўсё, больш нічога дазволіць сабе не могуць. Вось якая цудоўная сітуацыя ў краіне! Народ збяднеў, чаму так адбываецца? У 90-я гады быў заробак 100 даляраў, але ж гэта былі грошы! Я, дарэчы, па спецыяльнасці інжынер-будаўнік, але часы тады былі такія, што скарацілі, і таму я падалася ў прадпрымальнікі. Дык вось нам з мужам хапала і яго 100 даляраў. Здымалі за гэтыя грошы кватэру, елі, пілі, за 10 даляраў можна было ў рэстаран схадзіць.

РР: Якія далейшыя чаканні?

Святлана Калачова: Ведаеце, я думала, што прадстаўнікі ўлады на форуме скажуць: «Людзі! Дарагія нашы прадпрымальнікі! Калі ласка, неяк выжывайце, вы корміце свае сем’і, даеце працу наёмным работнікам. Вы плаціце такія вялізныя падаткі!» Не, ніхто пра гэта не сказаў, хоць у месяц я плачу каля 300 даляраў падатку. Ніхто і зараз нічога пакуль не кажа. Але мы чакаем. Чакаем нейкай пэўнасці. І спадзяемся, што кампраміс будзе знойдзены.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя