Святлана Калачова: Застаецца назіраць, як валімся ў прорву



Гомельская прадпрымальніца Святлана Калачова распавядае пра перспектывы “беларускага Чаркізона” і сёняшнія праблемы ІП-эшнікаў.

22 ліпеня Лукашэнка падпісаў указ №334, які прадугледжвае стварэнне буйнога прамыслова-лагістычнага цэнтра ў пасёлку Балбасава Віцебскай вобласці. Мяркуецца, што той павінен стаць аналагам Чаркізаўскага рынку ў Расеі і дазволіць прадпрымальнікам працаваць з пастаўшчыкамі без пасярэднікаў. Акрамя таго, плануецца, што цэнтр стане адным з важных пунктаў на шляху тавараў з Кітая ў Еўропу.

Нагадаем, яшчэ ў мінулым годзе падчас абмеркавання праекта ўказа “Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі” Лукашэнка заявіў: “Я некалькі гадоў таму даручаў стварыць у Беларусі “чаркізаўскі рынак”, каб нашы прадпрымальнікі не ездзілі ў Маскву ці яшчэ куды-небудзь. Дзе паглядзець гэты рынак? Чаму вы не стварылі такое прадпрыемства?”

Гэтая ж тэма “ўсплыла” і падчас сустрэчы кіраўніка краіны з прадпрымальнікамі на “Экспабеле”.

Якія перспектывы ў “беларускага Чаркізона”?

Святлана Калачова: Я не ведаю, што чакае гэты праект, але на сапраўдны момант кошты на тавары, якія мы набываем у Беларусі, проста неканкурэнтназдольныя. Вось я ўзяла дзве “лінейкі” і за лета з васьмі сукенак прадала толькі адну! Па-першае, тавар не танны. Паставіла 20 адсоткаў нацэнкі, а падатку заплаціла 11 мільёнаў рублёў! Дык ці магу я з 20-працэнтнай нацэнкай аплочваць такія падаткі і арэнду? У нас жа яшчэ арэнда па 12 мільёнаў за “кропку”. І павільён не 300 квадратных метраў, а невялікі ралет. У нас арэнда – па 30 еўра за квадратны метр.

РР: Што думаеце пра перспектывы беларускага Чаркізаўскага рынку?

Святлана Калачова: Я ж не ведаю, якія там будуць кошты на тавар, які асартымент. Зараз асартымент тавару ў Беларусі проста ніякі. Калі ў прадпрымальнікаў маюцца на тавар дакументы, значыцца ўсе на гандлёвых шэрагах стаяць з аднымі і тымі ж купальнікамі. Мы ўсе паехалі на фірму, і нам далі ўсё аднолькавае. І нам гэта нейкім чынам трэба прадаць. Вас, як спажыўца, задавальняе такая сітуацыя? Выбара няма абсалютна ніякага. Таму я не ведаю, што нам прапануюць у новым цэнтры, але маё меркаванне такое – гэта трэба было рабіць не зараз, а яшчэ пяць гадоў таму. Як толькі патрэбен закон, каб з прадпрымальнікаў нешта чарговы раз “злупіць”, то ён у момант з’яўляецца. А, каб нашыя патрэбы задаволіць, то дзесяцігоддзямі вырашаюць. Паўтаруся – зараз працаваць практычна немагчыма. Ні выбару тавара, ні коштавай палітыкі. Ды і пакупнікі зараз жа амаль нічога не купляюць. Тыя, у каго яшчэ ёсць грошы, не бяруць наш тавар, бо ўсе ж таксама хочуць, каб было з чаго выбраць. Застаецца толькі ціха назіраць, як валімся ў прорву.

РР: Але ж прадпрымальнікі працуюць…

Святлана Калачова: А куды падацца, калі ты ўвесь час працаваў на рынку? І на пенсію рана, і на працу ж ніхто не возьме. Таму можа і добра, што з’явіцца лагістычны цэнтр, але ж, напрыклад, у мяне пры гэтым узнікае мноства пытанняў, адказы на якія хацелася б атрымаць. Які будзе асартымент тавару? Па якіх коштах? Хто туды будзе яго прывозіць? Можа быць, жанчына, якая ўсё жыццё адпрацавала ў Белкаапсаюзе? Дык тады ізноў будзем усе прадаваць адзін і той жа тавар. А можа і так атрымацца, што пасля Новага года наогул не будзе каму працаваць. Каму тады той “беларускі Чаркізон” спатрэбіцца?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота grodno24.com