Сямашка акцэнтаваў увагу на перакосах у беларуска-расейскім гандлі
Пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка ў выступленні на экспертна-медыйным форуме „Саюзная дзяржава 2030 – траекторыя будучыні” ў Маскве адзначыў існуючыя перакосы ў беларуска-расейскім гандлі, праблемы, звязаныя з пастаўкамі прадукцыі на рынак РФ.
У якасці пацвярджэння Уладзімір Сямашка прывёў некаторыя лічбы. Так, па выніках 2000 года – праз год пасля падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй для Беларусі складала $1,9 млрд. Дыпламат адзначыў, што асноўную ролю ў гэтым адыграла закупка ў РФ энергарэсурсаў. „Нікуды ад гэтага не дзенешся, напэўна, адмоўнае сальда і будзе, пытанне толькі ў яго памеры”, – канстатаваў ён. Аднак у 2018 годзе памер адмоўнага сальда вырас амаль у пяць разоў і склаў $9,7 млрд. „Аб чым гэта сведчыць? Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь невялікая краіна, вымушана за межамі, у трэціх краінах – у Еўразвязе, яшчэ недзе – вось гэту вялікую розніцу $9,7 млрд пакрываць нашаму саюзніку, партнёру за энергарэсурсы. Нам удаецца пакрываць, але вы зразумейце: $9,7 млрд – гэта вялікі мінус на фоне $80 млрд нашага ВУП”, – падкрэсліў пасол.
„Другі блок лічбаў, – прадоўжыў Уладзімір Сямашка. – Возьмем 2018 год. Некаторыя гавораць: выдатны год быў, выдатна спрацавалі, наш агульны тавараабарот склаў 109,4 працэнта, на 9,4 працэнта прыраслі – гэта ў тры разы вышэй за сусветны ўзровень, так ацанілі. Але за кошт чаго прыраслі? Экспарт Расеі ў Беларусь вырас на 15,4 працэнта, а экспарт Беларусі ў Расею – толькі на 0,4 працэнта. Значыць, гэта сведчыць аб тым, што невялікая Беларусь цалкам адкрыта для расейскіх таваравытворцаў, гэта зразумела, ніякага стрымлівання няма. Але вось праблемы з пастаўкамі нашай прадукцыі на расейскі рынак усё ж такі ёсць”.
Ён адзначыў, што ў тым ліку і на выпраўленне цяперашняй сітуацыі накіравана даручэнне прэзідэнтаў Беларусі і Расеі, зробленае імі амаль год таму адносна далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы. „Была пастаўлена сур’ёзная задача: ацаніць, што зроблена, што не зроблена, што актуальна, што неактуальна, – нагадаў пасол. – І з улікам розных выклікаў актуалізаваць гэту праграму, не закранаючы ў аснове ні на ёту, ні ў адным радку, ні ў адным палажэнні сам Дагавор аб Саюзнай дзяржаве”.
Экспертна-медыйны форум „Саюзная дзяржава 2030 – траекторыя будучыні” праходзіць у Маскве 20-21 лістапада. Ён арганізаваны Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Мерапрыемства сабрала экспертаў, палітолагаў, сацыёлагаў, кіраўнікоў СМІ, вучоных, прадстаўнікоў тэхнапаркаў і навукова-даследчых інстытутаў, а таксама маладзёжных грамадскіх і навуковых арганізацый з Беларусі і Расеі.