Сямашка: Беларусь не адмовіцца ад альтэрнатыўных крыніц нафты
Расейская нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь без выплат прэміі пастаўшчыкам, пры гэтым беларускі бок не адмовіцца ад альтэрнатыўных варыянтаў закупак сыравіны. Аб гэтым у інтэрв’ю „Российской газете” сказаў пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка.
„Зусім нядаўна нам удалося знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне на бягучы 2020 год па ўмовах паставак расейскай нафты ў Беларусь, – адзначыў пасол. – Гэта рашэнне заснавана на зніжэнні прэміі расейскіх нафтавых кампаній у формуле цаны на нафту на $7 за тону. Астатняя частка прэміі ў памеры $4,7 за тону будзе кампенсавана ў рамках міжбюджэтных адносін Беларусі і Расеі. Таму чакаем, што ў астатнюю частку года нам удасца хутка нарасціць аб’ёмы паставак і выйсці па 2020 годзе на лічбы, блізкія да тых, што планаваліся першапачаткова”.
Пры гэтым Уладзімір Сямашка заўважыў, што выключэнне прэміяльных выплат з цэнаўтварэння на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь, вырашае праблему толькі бягучага года, ды і тое калі цана нафты не перасягне ў гэтым годзе $40-45 за бараль. „У далейшым, вырашаючы задачу стварэння адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў Саюзнай дзяржавы, беларускія і расейскія НПЗ павінны мець абсалютна аднолькавыя ўмовы кампенсацыі выдаткаў ад падатковага манеўру”, – падкрэсліў ён.
„Безумоўна, большую частку з патрабуемага аб’ёму нафты мы будзем атрымліваць з Расеі, паколькі тут немалаважную ролю адыгрываюць і зручнасць лагістыкі, і тэхналагічная арыентацыя беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў на перапрацоўку нафты сорту Urals, – звярнуў увагу дыпламат. – Але разам з тым кіраўніцтву канцэрна „Белнафтахім” пастаўлена задача нарошчваць аб’ёмы ўласнай здабычы нафты з праверанымі часам замежнымі партнёрамі і шукаць альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі нафты, каб у далейшым не трапляць у складаныя сітуацыі”.
Уладзімір Сямашка таксама выказаўся ў аптымістычным ключы наконт стварэння аб’яднаных энергетычных рынкаў. „Па-першае, агульныя рынкі нафты і нафтапрадуктаў, газу і агульны электраэнергетычны рынак у нас прадугледжаны Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе, – растлумачыў ён. – Мы плануем іх стварыць, як вядома, да 2025 года. У рамках Еўразійскага эканамічнага саюза прыняты адпаведныя праграмныя дакументы. Акрамя гэтага ў мінулым годзе мы зрабілі спробу распрацаваць і прыняць дарожныя карты па фарміраванні аб’яднаных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў і электраэнергіі, а таксама па развіцці атамнай энергетыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы са значна больш сціслымі тэрмінамі. У час перагаворнага працэсу мы ўбачылі агульнае жаданне як Рэспублікі Беларусь, так і Расейскай Федэрацыі сфарміраваць гэтыя рынкі. Рознагалоссі застаюцца толькі ў падыходах бакоў да асобных элементаў метадалогіі фарміравання аб’яднаных рынкаў, прынцыпаў іх функцыянавання. Над гэтым мы прадаўжаем працаваць цяпер”.