Сямашка: Беларускія НПЗ павінны мець альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты
Беларускія НПЗ павінны мець альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка 8 лютага на выніковай калегіі савета канцэрна „Белнафтахім”.
Паводле інфармацыі Сямашкі, у 2017 годзе ААТ „Нафтан” і Мазырскі НПЗ атрымалі для перапрацоўкі 18 млн тон расейскай нафты, паведамляе БелТА. Сёлета, паводле яго слоў, лічба будзе такая ж, што адпавядае дамоўленасцям з Расеяй.
„Але павінны быць варыянты, гэта відавочна для дырэктараў НПЗ, кіраўніцтва канцэрна „Белнафтахім” з улікам задач, якія стаяць перад галіной”, — адзначыў ён. Летась у межах дыверсіфікацыі крыніц вуглевадароднай сыравіны былі арганізаваныя пастаўкі іранскай нафты.
Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што ўсе пытанні па нафце з Расеяй урэгуляваныя да 2024 года ўключна. З Беларусі знятае абавязацельства штогод пастаўляць у Расею 1 млн тон нафтапрадуктаў штогод. Паводле яго слоў, калі б гэтыя пастаўкі былі абавязковымі, гэта магло б прывесці да страт 150 млн за год.
Сямашка таксама паведаміў, што мадэрнізацыя беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў (ААТ „Нафтан” і Мазырскі НПЗ) у цэлым ідзе па графіку. „Усе работы ідуць у цэлым па графіку. Тэрміны пазначаныя, трэба іх выконваць”, — сказаў віцэ-прэм’ер.
Ён падкрэсліў, што без мадэрнізацыі немагчыма гаварыць пра канкурэнтаздольнасць нафтаперапрацоўчых вытворчасцяў. „Трэба бесперапынна гэтым займацца, тады будзе вынік, — заявіў ён. — Нягледзячы на ўсе складанасці і крызісы, трэба весці мадэрнізацыю і ствараць новыя вытворчасці”.
Апошні беларуска-расейскі нафтагазавы канфлікт, які цягнуўся больш за год, быў вырашаны ў красавіку 2017 года на ўзроўні прэзідэнтаў. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб формуле па цане на газ да 2019 года, па нафце — да 2024 года. Была таксама дасягнутая дамоўленасць аб аднаўленні гадавога аб’ёму паставак расейскай нафты ў Беларусь да 24 млн тон за год.
Шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак нафты ўраду „ў сувязі з паводзінамі Расеі” раней даручаў Аляксандр Лукашэнка.
У лютым 2017 года стала вядома, што даччынае прадпрыемства дзяржаўнай „Беларуснафты” Beloil Polska заключыла з Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (NIOC) здзелку на пастаўку 600 тысяч бараляў нафты. Першая партыя іранскай нафты была дастаўленая ў сакавіку ў Адэскі порт, а затым цягніком — у Беларусь. У Менску заяўлялі, што іранская нафта закліканая стаць альтэрнатывай расейскай, пастаўкі якой у Беларусь з пачатку года былі значна скарочаныя з-за рознагалоссяў у энергетычнай сферы.
Як заявіў Уладзімір Сямашка падчас размовы з журналістамі ў межах Беларускага прамысловага форуму 23 мая 2017 года, ён не выключае, што пастаўкі ў Беларусь іранскай нафты будуць працягнутыя.
belapan.by