Сямашка: Электробусы — гэта транспарт будучыні
Беларускія вытворцы маюць намер павысіць лакалізацыю электратранспарту, які выпускаецца ў краіне, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка 20 снежня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.
„Вы ведаеце, мы атрымалі станоўчы досвед працы з электратранспартам — сёння на двух маршрутах горада Мінска працуюць 20 электробусаў. Дзякуй богу, усё нармальна. Гэта, трэба сказаць, доследная партыя, былі асцярогі. Але я павінен сёння далажыць вам, што нараканняў па працы няма. Было пару маленькіх інцыдэнтаў як вынік эксперыменту канструктараў завода „Белкамунмаш”. Але, самае галоўнае, мы ўбачылі, што сапраўды атрымалі зніжэнне на 14% спажывання электраэнергіі”, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра.Паводле слоў віцэ-прэм’ера, важна, што падчас выкарыстання электробусаў зніжаюцца капітальныя затраты на інфраструктуру ў параўнанні са стварэннем новых тралейбусных ліній. „Гэта транспарт будучыні. Сёння ўжо Менск заявіў, што да канца 2018 года мы павінны паставіць яшчэ 60 электробусаў. Атрымалі заказы і з Расейскай Федэрацыі, падпісваюцца кантракты на пастаўку іх у Расію і ў далёкае замежжа”, — сказаў Сямашка.
Ён падкрэсліў, што перад айчыннымі распрацоўшчыкамі „пастаўлена задача асвоіць выпуск „сэрца” электробуса — назапашвальнага кандэнсатара”. „Да канца гэтага года акадэмікі збіраюцца прадставіць матэрыял, які, па іх заяве, у пяць-сем разоў павышае эфектыўнасць суперкандэнсатара. Калі гэта так, то ў нас тэма электратранспарту шмат у чым будзе закрыта ўласнай камплектацыяй”, — адзначыў прадстаўнік урада.