Сямашка: Кошт электраэнергіі для насельніцтва будзе залежаць ад уводу АЭС
Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка не можа сказаць, як зменіцца кошт электраэнергіі для насельніцтва пасля ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС. „Складанае пытанне задаяце”, — сказаў чыноўнік журналістам 14 мая ў Сочы (Краснадарскі край РФ) на форуме „Атамэкспа”.
Ён нагадаў, што стаіць задача на працягу двух гадоў выйсці на поўнае пакрыццё насельніцтвам затрат на электраэнергію. Паводле слоў чыноўніка, два гады таму жыхары Беларусі аплачвалі толькі 28—30% ад сабекошту электраэнергіі, а цяпер — каля 85%. „Але гэта, як правільна ставіць задачу наш прэзідэнт, павінна быць па меры росту рэальнай заработнай платы і забеспячэння пенсіяй”, — падкрэсліў ён.
Новыя і мадэрнізаваныя цеплавыя электрастанцыі знізілі сабекошт кілават-гадзіны электраэнергіі да 4,6 цэнта, а з запускам АЭС ён паменшыцца яшчэ больш.
„Мы ставім задачу ў цэлым па Беларусі вельмі сур’ёзна падтрымаць рэальны сектар эканомікі, каб дзесьці 10 цэнтаў за кілават-гадзіну плацілі прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі, той жа МАЗ, БелАЗ. Яшчэ тры гады таму ў нас сярэдні тарыф для рэальнага сектара быў 13,7 цэнта, сёння — 11 цэнтаў. Многае будзе залежаць ад таго, як мы вырашым праблему па газе, і ад таго, як мы ўвядзем АЭС”, — заявіў Сямашка.
Як паведамлялася раней, пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе гэтага года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.
Што да перамоў з Расеяй па формуле цэнаўтварэння на газ для Беларусі, то, паведаміў Сямашка, яны адновяцца пасля афіцыйнага аб’яўлення новага складу ўрада РФ.
„Пытанне цэнаўтварэння па газе мы вырашылі толькі да 2019 года, — нагадаў віцэ-прэм’ер. — Сёння мы атрымліваем газ па 129 даляраў. <…> У наступным годзе ў нас таксама фіксаваная цана — 127 даляраў. А далей трэба выбудаваць траекторыю руху да цэн па газе, якія будуць блізкімі да цэн у „Смаленскай губерні”. Гэта не справа, калі ў іх газ па 65 долараў, а ў нас па 160. Гэта галоўная тэма, па якой мы раней працавалі з маім візаві — паважаным Аркадзем Дварковічам (былы віцэ-прэм’ер РФ, член урада Расеі, распушчанага пасля выбараў прэзідэнта. — БелаПАН.). Падыходы ёсць, але рашэння пакуль няма”.
„Задача стаіць такая, што мы павінны прыйсці да блізкіх цэн па газе на мяжы [з Беларуссю]. Мы, уласна кажучы, у Еўразійскі эканамічны саюз ішлі дзеля дзвюх рэчаў: дзеля таго, каб гэта быў наш рынак і мы маглі бяспошлінна гандляваць прадукцыяй; дзеля таго, каб мець блізкія або роўныя цэны на энерганосьбіты”, — падкрэсліў Сямашка.
Віцэ-прэм’ер перакананы, што яму ўдасца знайсці агульную мову з новым расійскім калегам па перамовах аб цане на газ для Беларусі, калі яго імя стане вядома і працэс адновіцца.
Паводле слоў Сямашкі, Беларусь і Расея павінны вызначыць формулу цэнаўтварэння на газ і „траекторыю руху да блізкай цаны” да 1 ліпеня 2019 года.